13 красавіка 1982
Уладзімір Караткевіч
Апоўдні +2℃. Шэрасць ва ўсім. Планіруюць рэдкія-рэдкія, у хвіліну па сняжыне, белыя хлапячкі. І лепей сёння не будзе. І наўрад ці на наш вялікдзень будзе лепш. Прынеслі мне крыху мацы, яйка з вялікадня каталіцкага ёсць.
Вобраз вальнадумца, чалавека да рэлігіі талерантнага. Можна есці фарбаваныя каталіцкія з мацою і запіваць іх тураўскай юбілейнай крыварылаўкай, напіткам самым што ні на ёсць праваслаўным, з-пад ляснога хмыза.
Хвацкая сям’я: жонка прападае па Вахтангу Кікабідзе, муж сумуе за Таняй Даронінай.
Сябар мой, Отар Ш., ведаў за сталом адзін тост. Заводзіў прыгожыя грузінскія вочы і казаў узвышана:
— За лубов! За стр-ра-да-ные!!!
Нацыя алёшаў карамазавых (аж бляваць хочацца ад нашай мяккасці і дабрыні)! Скажам, прыйдзе час царства божага на зямлі – вось тут мы і спатрэбімся, тут і прыйдзе наш час. Чорта з два! Бо да таго часу нас зжаруць.