Пяць гісторый пра Кіма Хадзеева | Wir.by
Ад легендарнага Кіма Хадзеева, які няспынна пісаў, засталося парадаксальна мала тэкстаў. Затое з успамінаў пра яго паўстаюць цэлыя кнігі, ужо не кажучы пра тое, якую ролю ён адыграў як настаўнік некалькіх пакаленняў мінскай інтэлігенцыі. Мы сабралі пяць гісторый пра genius loci нашай сталіцы — быць можа, яго дух яшчэ лётае недзе паміж домікамі Асмалоўкі.
Пяць гісторый пра Кіма Хадзеева

Пяць гісторый пра Кіма Хадзеева

Хадзееў-васьмікласнік

 У Мінску каляваенных часоў існавала элітная школа №42. З гэтай школы паспела выпусціцца нямала выбітных людзей культуры і навукі, але адна паралель была надзвычай адметная: тут адначасова вучыліся Кім Хадзееў, у будучыні легенда Мінска, і Жарэс Алфёраў, які праз 53 гады пасля выпуску атрымае Нобелеўскую прэмію па фізіцы. З успамінаў Жарэса Кім быў надзвычай таленавітым у гуманітарных навуках, асабліва ў літаратуразнаўстве і гісторыі мастацтваў. Аднак з вялікім талентам суіснавала і знакамітая экстравагантнасць Хадзеева.

У 1944 годзе, яшчэ падчас вайны, калі ў горадзе было вельмі неспакойна, васьмікласнік Кім узяў бацькаў пісталет — савецкі армейскі класу ТТ  (у тыя часы нават у грамадзянскага кіраўніцтва была зброя, а бацька Кіма займаў кіраўнічую пасаду). Як пазней патлумачыў Кім, узяў ён пісталет, каб «испытать ощущение грабителя». Прыпыніўшы ўвечары бабульку, ён наставіў на яе пісталет, патрабуючы яе вопратку і грошы. Жанчына закрычала, прыбеглі міліцыянты і арыштавалі Кіма.

Бацька Кіма прыклаў вялікія намаганні, каб сын  быў прызнаны «не надта нармальным» і замест турмы патрапіў у псіхіятрычную лякарню. Аднак вярнуўшыся ў школу праз некалькі тыдняў, Кім доўга і захоплена дзяліўся ўражаннямі са сваімі аднакласнікамі, сцвярджаючы, што «болей інтэлігентных і цікавых людзей ён нідзе і ніколі не сустракаў».

Кіраўніцтва школы лічыла, што Хадзеева патрэбна адасобіць ад ягонага асяроддзя, і таму перавяла яго ў паралельны 9 «А» клас. Што да Кіма, то ён выдатна скончыў школу, паступіў на філалагічны факультэт БДУ і за паўтара гады здаў амаль усе іспыты экстэрнам.

Хадзееў-студэнт

На філалагічным факультэце Кім адразу прыцягнуў да сябе ўвагу — можна сказаць, стаў зоркай факультэта. Агулам нядзіўна: Шэкспіра ён пачаў чытаць у сем гадоў, а на факультэт ён прыйшоў «чалавекам, які нармальны філфак і гістфак у асноўным аб’ёме ўжо засвоіў». Некалькі разоў тагачасны рэктар БДУ прызначаў яму стыпендыю выдатніка. Ужо ў 19-гадовым узросце Кіму заставалася здаць толькі два ці тры іспыты за апошні курс, тады ж ён распачаў сваю дыпломную працу на кафедры заходняй літаратуры.

Рэцэпт для тых, хто хоча паўтарыць поспех Хадзеева. Трэба толькі спаць па чатыры гадзіны на суткі (самому Кіму Іванавічу такое жыццё пасавала, паводле ягоных словаў, да 35) і чытаць з хуткасцю дзвесце-трыста старонак на гадзіну.

Завязкай далейшай гісторыі стаў культпаход студэнтаў у тэатр – ішла прэм’ера оперы «Князь-возера». Зрэшты, няўдалая, бо пастаноўка не затрымалася ў праграме надоўга. Студэнты, якія выступалі ва ўніверсітэце на абмеркаванні оперы (і Хадзееў у тым ліку), раскрытыкавалі яе. Да жалю, дакладная сутнасць крытыкі нам невядомая, адзінае — студэнты крытыкавалі завялікую «рэвалюцыянізаванасць» оперы. Праз некаторы час пасля выступу ў рамках кампаніі па барацьбе з «бязродным касмапалітызмам» пачаліся нападкі на студэнтаў. У якасці прыкладу прыводзім выступ студэнта філфака Восіпа Ліўшыца пра Кіма Хадзеева ад 9 сакавіка 1949 г.:

«ХІХ Съезд партии проходил в исторические дни, когда партийной печатью были вскрыты враги народа, вредившие нам в области нашего искусства и литературы, которые глумились над нашей советской действительностью и, воспевая всё реакционное, старались вести наш народ назад. Этим врагам у нас в Университете нашлись подпевалы. Я имею в виду так называемого студента Хадеева, который в беседах со студентами и в своих выступлениях с циничной наглостью клеветал на лучших представителей русской, советской литературы — Горького, Ал. Толстого, превознося в то же время таких реакционеров, как Победоносцева, Мережковского и др. После появления в партийной печати статей, разоблачающих космополитов, Хадеев начал выискивать «цитаты», пытаясь реабилитировать этих врагов нашего общества. На филфаке этому Хадееву предоставляли широкий простор для его враждебной деятельности. Несмотря на имевшиеся сигналы, ни деканат факультета, ни комсомольская организация не занялись этим типом. Наоборот, тов. Базыленко ратовала, чтобы бредовой доклад этого Хадеева был включён в повестку для научной сессии. У Хадеева имеются и единомышленники. <…> Я считаю, что таким лже-студентам не место в Университете». 

«Циничная наглость» ды «бредовой доклад» былі знойдзены ў  выказваннях Хадзеева накшталт «Маяковский является восклицательный знак плюс глагол» ці «Маяковский — сапог рабочего класса». Навокал ляцелі галовы: звальнялі найлепшых выкладчыкаў (Л. Барага, В. Саўсуна, Б. Неймана — выбітных спецыялістаў таго часу!), ціснулі на студэнтаў. Так і Хадзеева выклікалі на партыйны сход. Далей з успамінаў самога Кіма Іванавіча:

«Значит, мне было девятнадцать лет и два месяца. И мы выступили [пра спектакль]. Нас обвинили в формализме и космополитизме. Двое других покаялись. Я вместо того, чтобы покаяться, на комсомольском собрании факультета — причём сделал это сознательно, не от истерики, я не хотел жить в стране, где от убийства людей переходят к убийству идей, — я выступил с призывом к убийству Сталина. Ну, сорвался и сказал: «Идите бить коммунистов!» Меня понесло. После этого меня ещё месяц держали где-то, наблюдая, есть ли кто-нибудь вокруг меня. Вокруг тогда уже никого не было, потому что только три человека осмеливались со мною здороваться <…>. Но поскольку выступление было уж слишком чудовищным по тем временам, то меня отправили одного, как нормального психа, в Ленинград, где я провёл, как ни странно, из лучших лет своей жизни в смысле общения и информации».

Варта адзначыць, што легендарнасць Хадзеева разам з яго любоўю да перабольшвання робяць немагчымым зразумець, за што дакладна яго пасадізлі ў першы раз. Частка людзей кажа, нібы ён ніколі не выступаў з заклікам забіць Сталіна, а іншая частка пацвярджае факт выступу — і кожны мае неабвяргальныя доказы. Дакладна можна сцвярджаць, што паміж выступам і першым арыштам прайшло каля двух гадоў, але тады ўзнікае заканамернае пытанне: адкуль такі вялікі перапынак паміж «злачынствам» і пакараннем? Ужо не даведаемся.

Хадзееў-геній

У 1990-я за плячыма Хадзеева было два турэмныя тэрміны — першы ў 1951 праз «барацьбу з касмапалітызмам», другі ў 1962 за «агітацыю і прапаганду пасрэдніцтвам самвыдата». Пасля першага выхаду з турмы Кім усё ж скончыў вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура». Верагодна, паспяхова скончыць дапамаглі і тагачасныя турэмныя інстытуты (так, у ленінградскай псіхіятрычнай лякарні быў доступ да забароненай літаратуры).

Хадзеева ніколі не бачылі без кнігі ў руках, а на жыццё ён зарабляў напісаннем доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, манаграфій. Са слоў Кіма ён напісаў 46 кандыдацкіх, 4 доктарскія і яшчэ штук 10 манаграфій — дакладная колькасць дагэтуль невядомая.

Працоўны метад Хадзеева быў своеасаблівым — яго можна было або прыняць, або плюнуць і забыць. Напрыклад, аднойчы да Хадзеева прыйшоў Барыс Луцэнка, будучы рэжысёр экранізацыі «Раскіданага гнязда» на Беларусьфільме. Першае, што сказаў яму Хадзееў: «Прочти “Раскіданае гняздо”, срочно!» 

Праз некаторы час рэжысёр вяртаецца да Хадзеева і кажа, што прачытаў.

— Ну и что?— гучна запытвае Кім.

— Ну мне не нравится, там какая-то мелодрама… Я приехал из России… Я не понял.

Хадзееў адразу: «Ты идиот, ты ничего не понимаешь! Прочти ещё раз! Но обрати внимание на то, кто такие Лявон, Марыля, Сымон и Зоська! Про-а-на-ли-зи-руй их,» —гуру мастацтва мог аблаяць свайго «вучня» на раз-два (тут прыведзены самы вегетарыянскі прыклад).

            Барыс Луцэнка і на другі раз не зразумеў Купалу, з тым і прыйшоў на кватэру Кіма Іванавіча.

— Перечитай всю поэзию Купалы! — Хадзееў вар’яцеў, лаяўся і біўся, нават выразаў з кніжак асобныя вершы Купалы і аддаваў іх Луцэнку.

Так працягвалася, пакуль Барыс не напаткаў адзін з гатычных вершаў «Як цені».

Дарэчы, падборка гатычных вершаў Купалы з гэтым творам ёсць тут.

— Геніяльна… — прашаптаў Луцэнка ў наступную сустрэчу.

— Ну вот, понял! — задаволена падсумаваў Хадзееў.

З таго моманту пачалася праца над «Раскіданым гняздом», і Хадзееў амаль пераехаў да рэжысёра. Праўда перад гэтым удакладніў: «Если хочешь со мной работать, я буду курить. И водку тоже бери. Будем работать всю ночь». А пасля паўстаў фільм.

 Анекдоты з жыцця Хадзеева

Паход у філармонію (з успамінаў Філа Чмыра)

Я, Кім Хадзееў і Глеб Галушка вырашылі пайсці на канцэрт габрэйскага хрысціянскага хору з Англіі, вось такое спалучэнне!

Хадзееў прыйшоў нармальна п’яны. Увогуле, у Глеба ёсць жарт: «Калі вы памятаеце 90-ыя, то вы ў іх не жылі». Але ў той дзень мы былі абсалютна цвярозыя. Селі на трэцім радзе. І пачулі такі сапраўдны хор сіпуноў. У філармонію іх нельга — гэта максімум узровень самадзейнасці вясковага дома культуры. Яны сіпелі адчайна, а Хадзееў страшэнна абражаўся гэткім кашмарам. Шархаў нагамі. Грукаў палкай. Кашляў. Чым, як ты разумееш, гэтая цалкам габрэйская публіка была моцна незадаволеная. Нейкая жанчына з першага раду ўвесь час паварочвалася і цыкала на буяна. Мы таксама намагаліся яго супакоіць. Дзякуй богу, да другой часткі канцэрту ён заснуў. І, на нашае шчасце, да канца мерапрыемства мірна спаў, зрэдку храпучы. А мы слухалі гэтых бедных сіпуноў.

На апошнім спеве, калі ўражаная зала ўстала і панесліся бурныя воплескі, Хадзееў, як Джэк Нікалсан у «Іствікскіх ведзьмах», падхапіўся таксама. І, удзячны за тое, што Габрэйскі хрысціянскі хор нарэшце скончыў, закрычаў: «Брава! Брава! Пайшлі хутчэй адсюль».

Дзень народзінаў Уладзіміра Цэслера (з успамінаў Уладзіміра Цэслера)

Адзін з анекдотаў пра Кіма звязваюць з маім днём народзінаў, які я традыцыйна адзначаю ў лесе недалёка ад Мінскага мора. Кажуць, што лёгкія заядлага курыльшчыка Кіма так узбагаціліся сасновым водарам ды кіслародам, што яму стала дрэнна. Прыйшлося завесці машыну і пакласці яго пад выхлапную трубу. Няшчасны зрабіў пару ўдыхаў, паружавеў, адразу ж закурыў і працягнуў весяліцца.

Гэта, вядома, мілая выдумка, але цалкам праўдападобная.

 Гурман і вялікі аматар салодкага (з успамінаў Уладзіміра Цэслера)

 У перыяд паміж галечай усіх і багаццем некаторых Кім Іванавіч пісаў дзяржпраграмы.

І вось зайшла да яго Лара Лабуціна, каб неяк палепшыць дзень дзяржаўнага кансультанта. Вынесла некалькі пакетаў з аскетычным смеццем — упакоўкі ад пельменяў, кансервы з-пад кількі, попел і недакуркі, знайшла пагарэлы чайнік, выліла з яго скіслыя пельмені. Адцерла, адмыла.

І вось ён — стомлены кансультант — вяртаецца дадому.

Ягоны пакой поўніцца водарам бразільскай кавы. На сервіраваным стале — накрухмалены абрус, сурвэткі, сталовыя прыборы. Мясная нарэзка, бутэрброды з чырвонай рыбай і лімончыкам, гусіны паштэт з пятрушкай і кропам. Пірожныя ў асартыменце.

Кім разгубіўся, як піянер перад падараным самакатам.

Суладаўшы з сабой, ён парывіста схапіў Ларысу за рукі, абсыпаў іх пяшчотнымі пацалункамі (разам з тытунёвымі крошкамі з драцяной барады), затым аддана паглядзеў ёй у вочы і вымавіў у захапленні: «Ларочка, откуда же ты знала, что я гурман и сладкоежка?!»           

Хадзееў сёння

Кім Іванавіч памёр 5 верасня 2001 года, але застаўся персанажам кніг, вершаў, асобных успамінаў і даследаванняў.

Так пра яго ўзгадвае Артур Клінаў у сваёй «Малой падарожнай кніжцы па горадзе Сонца»: «Шмат каго, хто прыходзіў да яго, Кім называў геніямі. Сустракаліся й такія, хто лічыў яго д’яблам, які спакушае ды разбэшчвае душы маладых паэтаў. Але хутчэй ён абуджаў іх, шкадаваў ды імкнуўся дапамагчы. Мусіць, ён ведаў, што рана ці позна гэты Горад зжарэ іх. Як адным вераснёвым днём ён зжэр і яго самога».

Кім Іванавіч не знік і з вуснаў звычайных жыхароў Мінска: у «Ведах» загадчыца букіністычнай часткі летуценна сказала «Ох, Хадзееў… Так, быў чалавек у Мінску», калі я выцягнуў з паліцы кніжку ўспамінаў пра яго.

Ці мае добрыя сябры выйшлі на дзядулю, у якога дома ад шасці да васьмі тон (!) літаратуры рознага кшталту, у асноўным на беларускай мове. У гасцёўні ў яго вісіць партрэт Кіма Іванавіча.

 Спіс выкарыстаных крыніц           

  1. Ким. Великий прохожий. Вероятные истории / сост. А. Сушков, Е. Будинайте. Минск: Лімарыус, 2019.

  2. «Бязродны касмапаліт» Кім Хадзееў ды іншыя : Пераслед іншадумцаў за савецкім часам : зборнік дакументаў / укладальнік Уладзімір Валодзін. — Мінск, 2020. — 220 с. : іл. — (Серыя «Беларуская турэмная літаратура»; вып. 9).

  3. Малая падарожная кніжка па горадзе СОНца / А. Клінаў. Мінск: Логвінаў, 2008

  4. Наука и общество/ Жорес Альфёров. Санкт-Петербург: Наука, 2005. Ст. 150—151.

  5. Ким Хадеев: городской миф, исторический факт, художественный текст — Відэазапіс сустрэчы 10 студзеня 2015.

Гісторыя
Міфалогія
Мінск
XX стагоддзе
Кім Хадзееў