23 кастрычніка 1941, Іван Мележ | Wir.by

23 кастрычніка 1941

Іван Мележ

Іван Мележ

Усю ноч i палову дня ехалі. Не паспелі даехаць на пазіцыі ля Канстанцінаўкі i размясціцца, як прыйшоў пасыльны з загадам ісці назад. Трактар на ўздыме буксаваў, a ў рэшце рэшт i зусім заглух. Давялося гармату цягнуць перакатамі: дзве гарматы па чарзе адным трактарам.

Пасля поўдня паказаўся Арцёмаўск. Я з хваляваннем узіраўся ў знаёмыя i родныя мясціны. Аэрадром, дзе быў на варце. Вось тут, ля антэн, у нас былі заняткі... Ваенны гарадок, я хадзіў па казармах, адкуль толькі што выехаў шпіталь. Падлога зацярушана сенам, раскіданы слоікі ад варэння, абрыўкі газет, бінты... У адным з пакояў ніжняга паверха, відаць, стаялі коні, едка шыбала ў нос пахам мачы. Мала што напамінала пра першыя дні армейскага жыцця. Толькi сталовая засталася такой жа. Вось тут у клубе ў першы дзень мы чакалі размеркавання, вось па гэтай дарозе ішлі ў лазню. Адсюль, з гэтай станцыі, я ехаў дадому ў адпачынак... Але як змяніўся горад! Дамы i тыя пахмурнелі. На дарозе ляжаў конь з разбітым каленам, вакол яго тоўпіліся жыхары. Па ўзбочынах — разбітыя машыны. Чыгілейчык i Шмідаў ішлі ў горад, відаць, да знаёмых дзяўчат. Мы праехалі горад.

Ззаду чуліся выбухі, у розных месцах гарэла. Бывай, родны Арцёмаўск! Ці сустрэнемся? Не многім давялося цябе ўбачыць цяпер, каму ўдасца ўбачыць яшчэ раз! Хто ведае!