22 кастрычніка 1942, Іван Мележ | Wir.by

22 кастрычніка 1942

Іван Мележ

Іван Мележ

У гасцініцы адзін з таварышаў па пакоі — Рыўкін — расказаў мне, між іншым, пра вясёлага маёра Сяргеева, які некалькі дзён назад быў тут. Маёр прыязджаў у бюро даведак, шукаў дачку. З першых дзён вайны ён згубіў яе i не мог знайсці, не было як за баявымі клопатамі. Цяпер, пасля ранення, у водпуску, ён рашыў шукаць яе. Я ўспомніў пра Асю Сяргееву, i цяжкае прадчуванне варухнулася ў сэрцы. «Як яго імя?» — «Здаецца, Сяргей». Памятаю, Ася таксама — Сяргееўна. «Яны не ў Львове жылі?» — «У Львове». Ён успомніў расказы бацькі пра дачку: паводле слоў бацькі яна была вельмі прыгожай дзяўчынай. Я разгарнуў папку i паказаў фотакарткі, якія падарыла Ася, калі мяне адпраўлялі з Растова. Расказаў аб яе жыцці. Раненне.

Шпіталь у Сочы. Работа ў растоўскім шпіталі. Вялікі шлях прайшла дачка без бацькі. Згубіў яе дзяўчынкай, а знойдзе жанчынай, якая багата пабачыла i зазнала. Шкода, што мы не сустрэліся...

На фронце — баі па-ранейшаму у раёне Сталінграда i Маздока.

Баі ўпартыя, але немцы не могуць ужо рушыць наперад. Нашы адбіваюць усе атакі.

Хочацца спадзявацца, што надышоў пералом. I што нядоўга чакаць таго часу, калі мы зноў пойдзем наперад. На гэта мы ўсе спадзяемся.