2 сакавіка 1982, Уладзімір Караткевіч | Wir.by

2 сакавіка 1982

Уладзімір Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

0:43. Скончыў пераклад верша Майі Львовіч «Адаму Багдановічу». Урэшце нехта, гэтая дзяўчына, аддзячыла яму і за мяне. Бо мяне аж калоціць ад злосці пры ўспаміне аб гэтым чалавеку. Напышлівы псеўдавучоны, які свету не бачыў за сваімі выгаданымі (і галоўнае, нуднымі) тэорыямі і ідэямі, ад якіх святых вон вынось. Праўда, няма горш за прэтэнцыёзную бяздарнасць, ды яшчэ і рэнегата. Я б на месцы Горкага не грошы пасылаў былому сваячку і надуманай велічыні (а не саромеўся ж браць), а выдаў бы гэты «Язык зямлі», а раптам там знойдзецца божая іскра хоць адна для нейкага там генія будучых стагоддзяў.

Сядзіць на фотапартрэце, падбіўшыся ручкай, Пляханаў гэткі. І – як паслугу – торкае: «Не перашкаджай жыць».

Ну так, нарадзіў. Вялікая паслуга для будучыні, ведаючы аб заразнасці, так легкадумна трымаў дзяцей, не думаючы аб мерах перасцярогі, аб тым, каб кожны бярогся, еў са стэрыльнага посуду, лекаваўся. Дурная справа не хітрая!

І ўсё пра сябе, усё для сябе, усё сам. Гразнова мне расказвала, што яны баяліся хадзіць да яго, бо, як пакладзе на стол гэты жалезабетонны блок рукапісу ды як пачне чытаць – усе пазасынаюць. Ну, гэта, паложым, не прыклад. Пачні чытаць «Загублены рай», і мы паснем. Маглі не разумець яны, магу не разумець і я (хаця, каго сагрэе кніга, у якой нічога няма для нас сённяшніх, якая ўся і толькі для будучыні), але яго адносіны да сына і ягонага служэння сваёй зямлі, выпакутаванага ў маральных і фізічных цярпеннях – гэта ўжо занадта. Каб у мяне быў сын і ён быў Багдановіч (Катул, Дантэ, Купала, Лермантаў, хто хочаш), я б кожны дзень у ладкі біў ад радасці, што ён зацьмявае маю справу, забівае мяне, што я перад ім толькі цень слабы (значыцца, я не толькі вершы, значыцца, я і такое зрабіў).

А тут с… пры знемагаючым сыне на аб’ект яго любові, сунуць у юрыспрудэнцыю («я шар земной чуть не весь обошел. Где нет юристов – везде хорошо»), якой той не цярпеў, замест справы жыцця, філалогіі і школы Шахматава. Толькі таму, ці ведаеце, што іначай «Лёва не зможа аддацца матэматыцы».

Ён і аддаўся. Вось толькі ці хацела матэматыка, каб Лёва яе ўганорыў і аддаўся ёй. Я нічога пра Лёву не хачу сказаць, можа, быў і дужа харошы чалавек, і праяўляў матэматычныя здольнасці (як тысячы тысяч). Ва ўсякім разе, не Галуа. Але гэты Лёва разам з яго матэматычнымі здольнасцямі ўжо ў мяне кожную ноч сніцца ў пячонках. Сядзіць і на ваніты цягне… Ну добра, усе дзеці роўныя, і ёсць Лёва са здольнасцямі (дарэчы – няма прычыны ўдакладняць, але ён, па-мойму, пражыў даўжэй за брата, не кажучы ўжо пра татачку з ягонымі сямюдзесяццю васьмю гадамі, у параўнанні з векам сына – Мафусаіл. Тры з гакам сынавы жыцці пра рэкі Афрыкі пісаў).

Але бачыць, якое арляня вылупілася ў тваім курыным гняздзе, і не памагчы. Ды я б разбіўся, надарваўся б работай, каб было і Лёву, і Максіму.

Не, апантанасць уласнай бяскрылай шызафрэніяй.

І быць у Сімферопалі, калі сын паміраў побач, рукой падаць, бяссільны, самотны, аддадзены на літасць чужых людзей, забыты ўласнай радзімай, якая займалася рэвалюцыямі, і паехаць. Ну, гэта ўжо не!