10 лістапада 1942, Іван Мележ | Wir.by

10 лістапада 1942

Іван Мележ

Іван Мележ

У сталовай сустрэў старшага лейтэнанта з ваенкамата. Ён папрасіў, каб я зайшоў да яго, сказаў, ёсць работа для мяне.

Я зайшоў да яго, i ён сказаў, што ў горадзе ёсць Малдаўскі педінстытут i туды патрэбны афіцэр, настаўнік ваеннай падрыхтоўкі.

Афіцыйна пасада яго — загадчык кафедры ваеннай падрыхтоўкі.

Коратка кажучы — ваенрук. Справа, сказаў, цікавая, народ там таксама цікавы, адукаваны, i мне, на яго думку, трэба згадзіцца, не разважаючы.

Я i згадзіўся, не доўга думаючы. Чаго мне было раздумваць, калі выбару іншага не было, a становішча маё — бядотнае, шчыра кажучы,— паўраздзеты, паўгалодны, без пенсіі, без грошай. Становішча маё патрабавала, i неадкладна, работы. Ён пазваніў у інстытут, дырэктара не застаў, але застаў яго намесніка на вучэбнай частцы.

Сказаў, што можа прыслаць загадчыка кафедры ваеннай падрыхтоўкі. Франтавік, лейтэнант, артылерыст, чалавек адукаваны. Тут жа падаўся некуды i хутка вярнуўся з накіраваннем, надрукаваным на машынцы i падпісаным. «З цябе належыць»,— сказаў, уручаючы паперу.