9 лістапада 1942, Іван Мележ | Wir.by

9 лістапада 1942

Іван Мележ

Іван Мележ

Цікавы чалавек брат гаспадыні Іосіф. У пакоі яго са стала, са сцен пазіраюць, быццам жывыя, птушкі. Гэта чучалы для музея. Маленькі, згорблены чалавек па цэлых днях з захапленнем шчыруе ў музеі, вечарамі важдаецца з чучаламі. Якія пасля нясе ў музей.

Улетку ён палюе па гадзюк, неаднойчы прыносіў ix дамоў. З гэтай прычыны яго ў доме баяліся. Аднойчы гадзюка выпаўзла ca скрынкі, куды ён схаваў яе, i ў доме быў вялікі перапалох. Гаспадыня ўвесь дзень хадзіла па пакоі на дыбачках, пільна ўглядвалася перад кожным крокам. Увечары сядзела на ложку i, не сыходзячы з яго, прасіла запаліць святло; баялася, што гадзюка падпаўзе да яе ў цемры. Гадзюку так i не знайшлі...

У пакоі яго на пачэсным месцы таксама стрэльбы, паляўнічая сумка, патранташы. Стрэльбы дзве. Яго i яго таварыша, семнаццацігадовага хлопца Ільі. У вольныя дні яны ўдваіх ідуць у лес, падоўгу бадзяюцца, вяртаюцца ўпоцемкі.

Стары — малагаваркі, першы амаль не загаворвае, але позірк яго шэрых вачэй мяккі i ўсмешка ветлівая, шчырая. Цудоўная сардэчнасць, з якой ён абыходзіцца з хлопцам, па сутнасці чужым чалавекам. Той таксама ставіцца да яго так, як сын да добрага бацькі. Не да тагоі, які кінуў i забыў яго, свайго сына.