30 красавіка 1942, Максім Танк | Wir.by

30 красавіка 1942

Максім Танк

Максім Танк

Масква. Першага сустрэў у гасцініцы Ц. Крысько. Ад яго і даведаўся, што мяне з Ульянаўска адклікаў (магчыма, па просьбе М. Лынькова) у распараджэнне Беларускага партызанскага штаба наш другі сакратар ЦК Пётр Захаравіч Калінін, які адначасова быў і начальнікам штаба. Ведаў я яго па Вілейцы, дзе ён працаваў сакратаром абкома і заступіўся за маіх бацькоў, якіх у 1941 г. збіраліся вывезці ў Сібір.

Удалося ў каўчэзе, якім была гасцініца «Масква», адшукаць і Пімена [Панчанку]. Да позняй ночы чыталі свае вершы. А калі леглі спаць, пазваніў М. Лынькоў. Амаль да дня праседзеў у яго. Гэтымі днямі ён атрымаў ад брата фатаграфію свайго сына. На стале стаяла апарожненая з Кандратам бутэлька гарэлкі. Вочы былі зацягнуты слязамі, і мне здалося, што ён нікога з нас не бачыць. Выйшаў на балкон, нахіліўся: «Якія ходзяць маленькія людзі!» Ледзь угаварылі яго вярнуцца ў нумар. Цяжкое ўражанне пакінула гэта ноч.