29 красавіка 1982, Уладзімір Караткевіч | Wir.by

29 красавіка 1982

Уладзімір Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Некалькі дзён ніякіх запісаў. Моцна параніў вока. Сёння (не, учора працаваў таксама і пазаўчора над сцэнарыем, рухаецца туга) сеў за стол. Ідзе сцэна апазнання. Гэтае кіно з’еў бы з кашай. Валяць на спецыфіку і ідзе прызнанне ў каханні на 10 хвілін на фоне праходу герояў па лесапарку. І хоць бы слова. І хоць бы пейзажам выявілі пачуцці людзей. Ні чарта не ўмеюць. У неарэалістаў я такое магу сто раз бачыць на фоне праходу па памыйках. Умею[ць] гаварыць пейзажам, святлом, музыкай. Нашы ўмеюць толькі балбатаць, як папугаі ў клетках, на сходах пра вобраз станоўчага героя. Ты – пішы яго, паказвай яго, а не дундукай.

Сёння 12℃. Сонечна, але наплываюць хмары. І вось палова трэцяй, а надвор’е пахмурнае, можа быць жождж. Учора Адамчык прынёс жонцы з лесу букецік сініх вочак-пралесак. Скора маюць з’явіцца іх вялікасць смарчкі.