16 ноября 1942, Иван Мележ | Wir.by

16 ноября 1942

Иван Мележ

Иван Мележ

Трэба крыху сказаць пра дачку гаспадыні.

Яна скончыла школу ў 41 годзе. Выпускны вечар. Бяссонная, поўная светлых мар ноч. Калі на двор легла перадранішняя сінь, у пакоі выключылі святло. Выпускнікі шумлівым гуртам выйшлі са школы, на мост, за горад. Пачыналася раніца. У цішы, за ракой уставала вялікае чырвонае сонца. Яны ўрачыста маўчалі — гэта сонца ix новага жыцця. У той жа дзень прыйшла вестка аб вайне. Тады, калі яны радаваяіся сонцу, на мяжы ўжо крочыла смерць. Хутка водгукі вайны дакаціліся i сюды. Але ў ix, вучняў, пакуль ішло сваё, звыклае жыццё.

Раніцамі на веласіпедзе прыязджаў яе школьны таварыш — Валодзя.

Убачыўшы, што гамак на двары пусты, убягаў у дом, будзіў дзяўчыну, што спала ў пасцелі. Ліда не хацела ўставаць, але ён не адставаў.

Ехалі на раку, у лес, за горад. Потым прыйшла павестка. Яна правяла яго на станцыю. Назад вярнулася без яго. Без яго было тужліва. На наступны дзень яна ўпершыню думала аб тым, што рабіць, як змарнаваць час. З ім яна ніколі не думала пра гэта. У той дзень яна пайшла за горад i хутка вярнулася, было цяжка, усё нагадвала пра яго. Часта пісала пісьмы, часта атрымлівала. Але ён пытаўся з крыўдай, чаму яна так мала піша. Відаць, пісьмы не ўсе даходзілі да яго. Ён спачатку вучыўся на курсах, потым пайшоў на фронт. Пайшоў i адразу замоўк. Пра яго лёс нічога невядома. Відаць, загінуў ці прапаў без вестак. Увосень Ліда паехала ў Куйбышаў, у будаўнічы інстытут. Было цяжкавата, галодна. Шмат часу адбірала чаканне ў чэргах. Рашыла паступіць на работу. Якраз інстытут расфарміравалі.

Вярнуўшыся дамоў, яна паступіла ў бюро даведак. Працоўны дзень тут быў 12 гадзін. Зіма. Пакой ледзь ацяплялі. Застылыя ад холаду пальцы не слухаліся. А трэба было перабіраць картачкі. Тысячы картачак. Сагрэе дыханнем, пастукае пальцамі па століку i зноў бярэцца за справу, работы багата! Ведала: яе адказу нецярпліва чакаюць. Ведала: вайна. Бюро даведак працавала круглыя суткі. I ёй часта працаваць даводзілася ў начную змену, ночы напралёт. Нярэдка, здаралася, працоўны дзень працягваўся 14 гадзін.

Так, тут ім таксама нялёгка. I ix жыццём распарадзілася вайна па-свойму, не пашкадавала.

Відаць, вайна ўсюды заяўляе пра сябе.