Астраномія з Караткевічам | Wir.by
Адпраўляемся ў міжзорныя вандраванні ў кампаніі найбольшага рамантыка беларускай літаратуры і яго герояў.
Астраномія з Караткевічам

Астраномія з Караткевічам

Гэты артыкул зроблены разам з падкастам «Праз космас».

Пачнем са з'яў, ужо знаёмых уважлівым чытачам першай часткі:

***

Ўкруг месяца туманнае гало.

Мароз ступае адубелым садам.

Самотным дрэвам сняцца май і радасць,

А мне — маё забытае святло.

Ты чуеш? Ноччу кожнаю яшчэ,

Самотай зрынута нечалавечай,

Цалую я твой горды лоб і плечы

І светаў сотні ў бездані вачэй.

Цалую рукі — люльку добрых сноў

І да грудзей-сумётаў прыпадаю,

І гіну ў полымі. І паміраю,

Бо згаснула ў снягах даўно яно.

Што мне да тысячы начных свяціл?

Ў дарэмным маранні аб згаслым сонцы

Начным ваўком гляджу ў тваё ваконца, —

Яно — за трыста міль.

Яно — ў былым жыцці.

ГАЛО

Гало (Гала) — аптычная ілюзія, калі вакол Месяца або Сонца ўзнікае свячэнне, часцей у форме акружнасці.

Яно можа з’яўляцца ў любую пару года, але асабліва часта ўзнікае зімой. Гала з’яўляецца, калі святло пераламляецца, адлюстроўваецца і рассейваецца крышталямі лёду ў пёрыстых аблоках на вышыні ад 6 да 12 км. Каб убачыць гало вакол Месяца, неабходна, каб на небе прысутнічаў сам Месяц у досыць вялікай фазе. Гэта здараецца не так ужо і рэдка. Па падліках метэаролагаў, у кожным пункце сушы гала назіраецца прыкладна раз на тыдзень.

...Над духмянымі ў полі каноплямі

Цень ад хмары самотнай плыве.

Ледзь паспеўшы сустрэцца і зведацца,

Лапай вочы прыкрыўшы ў журбе,

Пад алмазнай Вялікай Мядзведзіцай

Спіць туга мая па табе.

 

З верша «Цягнікі заспявалі, заплакалі»

ВЯЛІКАЯ МЯДЗВЕДЗІЦА, КОЎШ, ВЯЛІКІ ВОЗ

Вялікая Мядзведзіца (у народзе — Вялікі Воз) —сузор’е ў паўночнай частцы зорнага неба, якое ведае кожны. Сем яркіх зорак з гэтага сузор’я, якія нагадваюць коўш з ручкай, можна ўбачыць адразу, без усялякіх падказак. У Паўночным паўшар’і Вялікую Мядзведзіцу можна назіраць круглы год. Гэта адно з самых буйных сузор’яў, якое займае трэцяе месца на зорным небе.

Вялікі Коўш, або Коўш — астэрызм у сузор’і Вялікая Мядзведзіца. Астэрызм — гэта група зорак, якую лёгка можна пазнаць і якая з’яўляецца часткай якога-небудзь сузор’я. Коўш — гэта толькі асноўная частка сузор’я Вялікая Мядзведзіца і яе хвост. А яшчэ ёсць лапы і галава. Цалкам жа Вялікую Мядзведзіцу складана ўбачыць простым вокам, асабліва ва ўмовах гарадскіх агнёў.

А што наконт Малой Мядзведзіцы? На гэты раз звяртаемся да прозы:

...З самага пачатку году і кожны вечар заранкі былі чырвоныя, як кроў, а ветру наступнага дня не было…

…Казалі: коннік на «маці мора» скача як шалёны і дзідай сваёй паказвае авама і сема, туды і сюды, на захад і на поўдзень і на ўсход, абы толькі не на Зорны Кол, як то належыць.

 

З рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»

ЗОРНЫ КОЛ 

Зорны Кол, або Палярная Зорка — самая яркая зорка ў сузор’і Малой Мядзведзіцы. Зорка бліжэй за ўсіх размешчана да восі кручэння Зямлі, таму яна заўсёды застаецца нерухомай і служыць надзейным інструментам для навігацыі. Яе таксама называюць Паўночнай ці Пуцяводнай зоркай.

Спрактыкаваныя вандроўнікі знойдуць для сябе ў радках Уладзіміра Сямёнавіча і больш складаныя маршруты:

Позняю ноччу з бяссілымі зорамі стылымі,

Калі ў глыбокіх дварах паміраюць вятры, —

Сеў на акно чалавек з кажановымі крыламі,

Месяц і зоры гусцеючым ценем закрыў.

Складваў і знову выпростваў ён крылы маўклівыя,

З іх вандраванняў міжзорных счышчаючы пыл.

Крылы як веер былі, як паніклыя косы алівы,

І як пагаслых ад стомы камет пацьмянелых снапы.

— Хто ты? — спытаў у яго.

— А нашто табе ведаць аб гэтым?

— Што ты?

— Я кветка і зорка. Пагоня і бег.

— Зараз адкуль?

— Я... забыўся на тыя планеты.

Дзе абпякаў мае крылы агонь, дзе завейваў іх снег.

— Што ты пабачыў?

— Тупых катаклізмаў раскаты,

Зло і пяшчоту, пажар і спакойны заліў. —

Ўсё гэта можна пабачыць на гэтай праклятай,

На блаславёнай, на сонечна-змрочнай зямлі.

— Што ты запомніў найбольш?

— Ледзяныя абшары свабоды,

Дзе сумнявацца даводзіцца ў сэнсе самога быцця,

І каля Альфы Цэнтаўры грыбы вадародныя,

А ў Магеланавай Хмары няпэўныя іскры жыцця.

 

З верша «Дэман»

АЛЬФА ЦЭНТАЎРА

Альфа Цэнтаўра — гэта наш найбліжэйшы зорны сусед, што знаходзіцца ўсяго ў 4,37 светлавых гадах ад Зямлі.

Альфа Цэнтаўра — трайная зорная сістэма, якая складаецца з дзвюх зорак (Альфа Цэнтаўра A і B), што знаходзяцца даволі блізка адна да адной, і трэцяй зоркі (Проксіма Цэнтаўра), якая размяшчаецца на значнай адлегласці ад іх.

Альфа Цэнтаўра можа стаць адной з першых мэт міжзоркавых палётаў.

МАГЕЛАНАВА ХМАРА

Магеланавы хмары — дзве карлікавыя галактыкі-спадарожнікі нашага Млечнага Шляху: Вялікая Магеланава Хмара (або Воблака) і Малая Магеланава Хмара (або Воблака), якія размешчаны адносна блізка адна да адной і ўтвараюць гравітацыйна звязаную сістэму.

Магеланавы Хмары размешчаны на досыць вялікай адлегласці ад Млечнага Шляху: адлегласць да Вялікай Хмары складае каля 160,000 светлавых гадоў, а да Малай — два радыусы самога Млечнага Шляху, або 200,000 светлавых гадоў.

Названы галактыкі ў гонар Фернана Магелана — знакамітага партугальскага і іспанскага мараплаўца, які здзейсніў першае кругасветнае падарожжа.

Як Стажары ў небе заззялі,

І ў сяле падаілі кароў,

І з палёгкай палі ўздыхалі,—

Я пад вокны твае прыйшоў.

 

Ты з хітрынкай сказала, мілая,

Прыкрываючы шыю касой:

«Маці спіць. Я таксама стамілася.

Дарагі, прыходзь раніцой».

 

З верша «Як Стажары ў небе заззялі»

 

 

І Алесь шырока расплюшчанымі вачыма глядзеў на ўсё гэта, быццам з заўтрашняй раніцы яму выпадала жыць зусім пад іншым небам, без гэтай Вечарніцы, без гэтых скупых паўночных сузор’яў, без самотных Стажараў, якія цесна сышліся, — такія маленькія, — каб пагаманіць аб справах нябесных і зямных. 

 

З рамана «Каласы пад сярпом тваім»

СТАЖАРЫ

Стажары (або Плеяды, або Сем Сясцёр, і яшчэ M45) — рассеянае зорнае скопішча, размешчанае на адлегласці каля 444 светлавых гадоў ад Зямлі. Адно з самых блізкіх да Зямлі і адно з самых яркіх зорных скопішчаў. Калі назіраць за Плеядамі простым вокам, то яны падобныя на паменшаную копію Вялікага Каўша — шэсць зорак у блакітнаватым тумане.

Найлепшы час для назірання за Плеядамі ў нашым, Паўночным паўшар’і — студзень і люты.

ВЕЧАРНІЦА (ВЕНЕРА)

Звычайна Венера бачная незадоўга да ўзыходу або праз некаторы час пасля заходу Сонца, таму за ёй традыцыйна захаваліся адпаведныя назвы «ранішняя зорка» (Заранка) і «вячэрняя зорка» (Вечарніца).

Нядзіўна, што менавіта юныя і летуценныя героі рамана «Каласы пад сярпом тваім» часцей за ўсіх іншых персанажаў Караткевіча ўглядаюцца ў неба:

Зоры мігцелі над паркам.

 

— Алесь, — спытала яна, — можа нарадзіцца чалавек з такімі вачыма, што ўбачыць іх?

 

— Не ведаю, — сказаў Алесь. — Вочы ва ўсіх розныя. Бачыш Коўш?

 

— Бачу.

 

— А вунь другая зорка ў ягонай ручцы. Паглядзі, што ты бачыш ля яе?

 

— Ой, — шапнула Майка. — Яшчэ адна зорачка.

 

— Гэта Міцар і Алькор, — сказаў Алесь. — У цябе добры зрок. А вунь тую зорку як ты бачыш?

 

— Ніяк, зорка як зорка.

 

— А я ведаю, што яна падвойная. Гэта альфа Вагаў. Настаўнік здзіўляецца, якія ў мяне вочы. Ён правяраў. Ён бачыць толькі ў трубу тое, што я добра бачу і так. Ведаеш, Вечарніца мае сярпы, як месяц. А калі на ёй серп, то часам можна заўважыць, што астатняя яе частка попельная... Я заўважаю нават яшчэ больш. Ля Воўчага Вока ёсць дзве зусім малюсенькія зорачкі. Але я іх бачу толькі ў прыцемку, калі на небе зусім мала зор. Тады ніхто не забівае іх сваім ззяннем.

МІЦАР І АЛЬКОР

Міцар — зорка ў сузор’і Вялікай Мядзведзіцы, другая з канца на ручцы каўша. Міцар — гэта падвойная зорка, побач з ёй знаходзіцца яшчэ адна, Алькор.

Міцар і Алькор — два блакітныя карлікі, паміж якімі ёсць арбітальная сувязь.

У старажытнасці з дапамогай гэтых дзвюх зорак правяралі зрок. Бачыце і Міцар, і Алькор? Віншую, у вас выдатны зрок.

АЛЬФА ВАГАЎ

Альфа Вагаў — падвойная зорка, другая па яркасці зорная сістэма ў сузор’і Вагаў. Дзве зоркі абазначаюцца як α¹ Вагаў і α² Вагаў. Альфа Вагаў знаходзіцца прыкладна ў 77 светлавых гадах ад Сонца.

ВЕЧАРНІЦА (ВЕНЕРА)

Паколькі арбіта Венеры бліжэйшая да Сонца, чым арбіта Зямлі, Венера праходзіць фазы, аналагічныя фазам нашага Месяца. Пры набліжэнні да Зямлі Венера выглядае як серп, а пры аддаленні бачны толькі круглы дыск.

ВОЎЧАЕ ВОКА

Юпітэр, або Воўчае Вока — самая вялікая планета ў Сонечнай сістэме і пятая планета па адлегласці ад Сонца. Радыус Юпітэра складае 69 911 км, а яго маса ў два разы большая, чым агульная маса ўсіх астатніх планет Сонечнай сістэмы. Для параўнання: у Юпітэр могуць лёгка змясціцца каля 1300 зямных сфер.

«Дзве зусім малюсенькія зорачкі» — хутчэй за ўсё, маюцца на ўвазе спадарожнікі Юпітэра, такія як Іо, Еўропа, Ганімед і Каліста. Гэтыя спадарожнікі дастаткова вялікія, і пры добрых умовах іх можна назіраць з Зямлі простым вокам.

Ён глядзеў у акно, на зорку. І раптам убачыў...

...У небе стаялі светлыя слупы ад гарызонта да зеніту. Яны мяняліся месцамі, крайняя іхняя грань была зырка-барвяная, яна разгаралася і нагадвала пажар. А пасярэдзіне ўставалі белыя палосы і слупы.

Рэдкае на такім поўдні і таму слабое, уставала над зямлёй паўночнае ззянне.

ПАЎНОЧНАЕ ЗЗЯННЕ

Палярнае ззянне ўзнікае над Паўночным і Паўднёвым полюсамі. Адсюль і назвы Паўночнае і Паўднёвае ззянне. Палярнае ззянне вядома сваімі зялёнымі і іншымі адценнямі. Яно ўтвараецца праз свячэнне зараджаных часціц у верхніх пластах атмасферы. Колер ззяння залежыць ад вышыні і хімічнага складу атмасферы. За зялёны колер адказваюць атамы кіслароду на вышыні ад 100 да 300 кіламетраў.

Скончым загадкай для знаўцаў Караткевіча: у назве якога твора наўпрост згадваецца астранамічная з'ява?

Ішоў, не задумваючыся, куды ён ідзе. Усё менш ставала святла, і гэта азначала, што ён набліжаецца да ўскраін. I тут ён пабачыўся з зорамі, якіх няма ў цэнтры вялікага торада. Ноч была цёмная, ясная, зоры былі халодныя...

Упала адна, а за ёю другая. Гэта, вядома, не былі Леаніды. Леаніды не вернуцца да зямлі. Яны бачылі на ёй столькі, што не хочуць больш глядзець на яе нівы і цяністыя лясы, пакуль усе людзі не стануць іншымі.

Усе да аднаго.

 

З рамана «Леаніды не вернуцца да зямлі»

ЛЕАНІДЫ

Леаніды — гэта штогадовы метэорны паток, пік якога прыпадае на сярэдзіну лістапада. Сёлета Леаніды лятуць з 6 лістапада па 30 лістапада. Паток характэрны хуткімі белымі метэорамі, якія ўлятаюць у атмасферу Зямлі са скорасцю 71 км/с.

Сёлета паток быў да 20 метэораў у гадзіну падчас піку (16-18 лістапада), аднак бабровая суперпоўня перашкаджала назіранням.

Што да іншых зорных патокаў (Персеіды, Арыяніды, Гемініды, Урсіды): большасць метэорных патокаў утвараецца, калі Зямля праходзіць праз пылавы шлейф, пакінуты каметай. Трапляючы ў атмасферу Зямлі, часціцы касмічнага пылу згараюць і пакідаюць у небе яркі след. Гэта з’ява называецца метэорам.

Часам крыніцамі некаторых метэорных патокаў з’яўляюцца не каметы, а астэроіды.

У метэорных патокаў ёсць свае арбіты ў космасе. Таму патокі заўсёды ідуць «па раскладзе», калі Зямля праходзіць пункт перасячэння ўласнай арбіты з арбітай метэорнага патоку. Свае назвы метэорныя патокі атрымліваюць па тых сузор’ях, да якіх яны бліжэйшыя за ўсё.

Самы знакаміты метэорны паток — Персеіды, з пікам у сярэдзіне жніўня, падчас якога можна ўбачыць да 100 метэораў за гадзіну.

Гемініды — адзін з самых яркіх метэорных патокаў, у якім могуць трапляцца не толькі пылінкі, але і вялікія камяні, якія ўспыхваюць у небе яркімі балідамі і згараюць у атмасферы на хуткасці каля 35 км/с, пакідаючы яркі жоўты след.

Літаратура
Паэзія
Уладзімір Караткевіч
Быць шафёрам любата, яшчэ лепш – пілотам. А літаратарам?
Быць шафёрам любата, яшчэ лепш – пілотам. А літаратарам?
Як стаць пісьменніцай ці пісьменнікам? Нават калі атрымаецца адвучыцца ў літаратурным інстытуце або скончыць курс па creative writing, куды пасля  дасылаць сваё рэзюмэ? Дзе літаратарам узяць добры, стабільны прыбытак, соцпакет і пуцёўку ў санаторый? Розныя гістарычныя ўмовы давалі розныя адказы на гэтае пытанне, і літаратурнае рамяство то падпарадкоўвалася законам рынку, то цалкам трапляла пад кантроль дзяржавы, а то і спрабавала ўседзець на абодвух крэслах, ці, хутчэй, недзе ў загадкавай прасторы паміж імі. Класічныя «нармальныя» заняткі для пісьменніка, якія і ў працоўную кніжку запісаць не сорамна, – рэдактарская праца, пераклады, настаўніцтва. Але нярэдка здаралася (і ўсё яшчэ здараецца) так, што жыццё робіць нечаканы паварот і апроч пяра або клавіятуры пісьменніцкім рукам даводзіцца брацца за іншыя прылады працы. Мы сабралі для вас некалькі літаратурных біяграфій, якія паказваюць, што ў рэшце рэшт магчыма ўсё.
Лізавета Вундэрвальд
Читать статью