9 декабря 1942
Иван Мележ
Тры гадзіны прастаяў у чарзе па хлеб. Гадзіны паўтары хлеба не было, потым прывезлі, грузілі, лічылі. Духата, таўкатня, лаянка на тых, хто спрабаваў пралезці без чаргі. I наогул, невядома на што.
Нервы людзей нацяты.
Вельмі многа часу траціцца на стаянне ў чэргах. Дорага абыходзіцца нам «хлеб наш надзённы»!
Наогул, я ўсё больш уваходжу ў жыццё горада. Кірмаш, магазіны, тэатр, ваенкамат, інстытуты — усё спазнаю паступова. Усё менш застаецца таямніц для мяне ў гэтым нядаўна незнаемым i чужым горадзе, у які закінуў мяне лёс.