29 октября 1941, Иван Мележ | Wir.by

29 октября 1941

Иван Мележ

Иван Мележ

Начуем у Міхаілаўскім. Гусараў сказаў, што штаб арміі застаўся ззаду i мы едзем на адпачынак. Нас павінны абмундзіраваць, узброіць. Трактары таксама зменяць. Мы ідзем вельмі марудна. Учора кінулі адзін трактар, стары, які патрабаваў капітальнага рамонту. Другі ледзь-ледзь цягне абедзве гарматы, як не рассыплецца.

Старая жанчына мяне спытала, адкуль я родам. Я сказаў, што з Арцёмаўска. Няма ў мяне больш родных Глінішч, i дарогі туды зараз усе зачынены. А мяне там нехта чакае, доўга i нецярпліва чакае, не верачы, што я яшчэ жыву. Мілыя, родныя, бацька, маці, сястрычкі, Геня, вы не ведаеце, што я жывы, што я цэлы i здаровы, еду на адпачынак. Выплакалі вочы. Як бы я хацеў убачыцца з вамі, мае юныя сябры i сяброўкі: Алеся, Каця, Вася Паўленка, Іван Карабутэнка, Міканор Ярош, па ўсім свеце раскіданы, невядома дзе. Можа, таксама ўспамінаеце пра свайго сябра. Усё так страшэнна змянілася, усё светлае мінулае i ясныя надзеі выкраслены няшчадна легка, хутка; адразу i бязлітасна. Ці будзе ваш зварот? Ці ў шырокіх стэпах згублюся i высахну, пахаваўшы з сабою ўсе думкі, надзеі, толькі белыя косці пакінуўшы на ўспамін?