Максім Танк: свабода, каханне і іронія | Wir.by
Вершы Максіма Танка – паэзія дзіцячага здзіўлення і захаплення жыццём. Іронія і свабода, Дантэ і Майн Рыд, верлібры і хоку – гэты пісьменнік адчувае сябе сваім у садзе сусветнай культуры і прыўносіць у беларускую паэзію інтэлектуальнасць і дасціпнасць.
У дзясятым выпуску падкаста «Спіс на лета» выкладчыца Марына Казлоўская і паэтка Даша Бялькевіч абмяркоўваюць галоўнага падпольшчыка беларускай літаратуры. Чалавек, жыццё якога было поўнае радасці і рызыкі: падлеткам ён бярэ ўдзел у студэнцкіх хваляваннях у Заходняй Беларусі, некалькі разоў пераходзіць мяжу ў трыццатыя, трапляе на «Лукішкі», піша вершы, знаёміцца з будучымі нобелеўскімі лаўрэатамі, сустракае сваю Любоў, падрабляе почыркі і чытае Маякоўскага па-польску. Ён жа – чыноўнік пры надзвычай высокай пасадзе з трывожным чамаданчыкам у вітальні, які кпіць з графаманаў і смяецца з сябе самога, падарожнічае ад Японіі да Канады, піша смелыя верлібры, пяшчотныя эратычныя вершы, ратуе першую кнігу Алеся Разанава, вітае Незалежнасць Беларусі.
Максім Танк пражыў амаль усё ХХ стагоддзе і змог зрабіць гэта па ўласных перакананнях. Яскравы, свавольны, па-дзіцячы радасны і мудры – гэты паэт дакладна варты вашай увагі.
bialkievichkazlouskaja
Дар'я БялькевічМарына Казлоўская

Максім Танк: свабода, каханне і іронія

Apple Podcasts
Yandex Music
Spotify
Спіс на лета
Гэта 10 частка цыкла
Спіс на лета
1. Спіс на лета ТЭСТТЭСТ
2. Янка Купала як стваральнік беларускага тэатра
3. Францішак Багушэвіч, які задаў саўндтрэк беларускай літаратуры
4. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і тэатральны стэндап
5. Максім Багдановіч як самы любімы паэт
6. Якуб Колас і страчаны рай
7. Кузьма Чорны і беларускі народны постапакаліпcіс
8. Іван Мележ: людзі, балота і зямля
9. Васіль Быкаў: «свае» супраць «сваіх»
10. Максім Танк: свабода, каханне і іронія
11. Іван Шамякін і ідэальны герой: «Сэрца на далоні»
12. Уладзімір Караткевіч і парушэнне правілаў. Дзікае паляванне караля Стаха, Ладдзя Роспачы, Каласы пад сярпом тваім

Твора, якія ўзгадваюцца ў падкасце

Максім Танк — паэма «Люцыян Таполя»

Фрагменты дзённікаў Максіма Танка «Лісткі календара»

паэзія Алеся Разанава

верш Пімена Панчанка «Упэўненасць»

верш Віталя Рыжкова «дзверы, замкнёныя на ключы»

Вершы Максіма Танка, якія ўзгадваюцца ў падкасце

Не забывай!

Не забывай, мой брат закуты,

У казематах мусіш ты

Піліць і рваць стальныя путы,

Муроў калючыя драты.

Не забывай!

 

 

Рукой мазольнай скрышым краты,

Сачы астрожных катаў крок!

Не забывай пра дзень расплаты,

Калі сарвеш з дзвярэй замок!

Не забывай!

 

 

Не адступай, брат, у змаганні,

Ідзі далей, як ты ішоў!

У новых бітвах сонца ўстане,

Да новых бітваў будзь гатоў!

Не забывай!

1934

***

Дождж, дождж, дождж.

За вітрынамі магазінаў:

Як флейты бутэлькі з віном,

Як бандуры вэнджаныя кумпякі,

Як бубны паджарыя булкі,

Як барабаны бочкі з селядцамі,

Як смыкі скрыпак салямі…

Я зыграў бы на струмаце гэтым,

Але грошай не маю.

Дождж, дождж, дождж.

 

 

Пачынаю іграць марш галодных.

Чуюцца паліцэйскія свісткі.

Як палачка дырыжора,

Рассякае паветра гумовая палка.

Няўжо і на струнах дажджу

Іграць забаронена?

Дождж, дождж, дождж. 

1935

Над вадой

На докі сыпле дождж, як сажа,

Шумяць на беразе турысты.

Агні, сарваўшыся з вітражаў,

Плывуць ракой з асеннім лістам.

Сягоння параходы выйдуць

Ў дарогу дальнюю па радасць.

І мне б героем Майн Рыда

Плыць у такое б Эльдарада.

Дзе салаўі, а не бараны,

Складаюць звонкія напевы,

Дзе не артыкулы – бананы

Растуць, красуюцца на дрэвах;

Дзе не рабіліся б аблавы,

На дзень, на ноч мо раз па дваццаць,

Дзе і паэты маюць права

Хадзіць па вуліцах, смяяцца.

1937

Сентыментальная трагедыя

Сцяжынкаю хлопец з дзяўчынай ідзе.

Настрой рамантычна-лірычны.

Калышацца адлюстраваны ў вадзе

Пейзаж псеўда-рэалістычны.

 

Каторае дзесяцігоддзе яны

Так ходзяць і днём, і змярканнем!

Гавораць адно пра свае працадні

І рэдка калі – пра каханне.

 

Даўно юнаку ажаніцца пара,

Дзяўчына – бы ягадка тая.

І вочы, і вусны жаданнем гараць,

А справу пачаць як – не знаюць.

 

Ідуць яны, бедныя, так іх шкада,

З паэмы адной у другую.

І іх безнадзейная мучыць нуда,

І я іх, сардэчных, шкадую.

 

І слёзы цякуць з маіх чулых вачэй.

О, колькі трагедый на свеце!

І дзіву даюся: як гэта яшчэ

У нас нараджаюцца дзеці?

1956

Роздум

Не знаю, калі я паспеў пастарэць,

Расстацца з юнацкімі марамі;

Амаль развучыўся смяяцца і пець,

Узброіў нос акулярамі.

 

Больш стаў у прэзідыумах засядаць,

Чытаць усім праўды вядомыя.

Дзяўчаты зусім на мяне не глядзяць,

І “дзядзем” завуць незнаёмыя.

 

Мо ў дурня згуляць мне суседа пазваць?

Ноч месячная над ваколіцай.

Ад рыфмаў дакучных баліць галава,

Да раніцы мучыць бяссонніца.

 

Прывык да дыэты, да цёплых галёш,

Да лазні з бярозавым венікам.

Пісаць пачынаю ўсё горш я і горш –

Пара выбіраць акадэмікам.

1959

Песняры запісалі на верш "Завушніцы" песню. Слухаць тут

Завушніцы

О, колькі раз прасіў я

Назначыць мне спатканьне;

О, колькі раз хацеў я

Прызнацца ёй у каханьні!

Ды ўсё перашкаджалі,

Калі дзяўчыне верыць,

То павадак вясновы,

То прымаразак-шэрань.

Але і я – упарты.

I каб свайго дабіцца,

Прасіў я шчыра майстра

Зрабіць ёй завушніцы.

На гэтых завушніцах

Я напісаў закляцьце –

Усё, што не сказаў ёй,

А ў чым хацеў прызнацца.

Сягоньня не ўцячэ ўжо

Ад слоў маіх гарачых

Ні ў час, калі сьмяецца,

Сьпявае або плача.

Ні ў час, калі прыляжа,

Змарыўшыся, зьмярканьнем, –

Зьвіняць ёй завушніцы

Ўсё пра маё каханьне.

1959

Тапор

Ва ўсім, вядома, вінават адзін тапор:

Я не пайшоў бы, каб не ён, у цёмны бор,

 

Не высек бы хваіны гулкай і з яе

Не змог бы змайстраваць цымбалы я свае.

 

А не было б цымбалаў гэтых – хто б пазваў,

Каб на вяселлі я “Лявоніху” іграў?

 

А не іграў бы – не паднесла б мне яна

З усмешкай ветліваю хмельнага віна

 

І пад вясёлы смех і чарак перазвон

Не захапіла б майго сэрца у палон.

 

Цяпер штоноч іду, крадуся ў яе двор…

Ва ўсім, вядома, вінават адзін тапор.

1960

***

Простае шчасце людское,

Так, як і наша з табою,

 

Пэўна, складаецца з солі,

З хлеба, сабранага ў полі,

 

З поту, з дарожнага пылу,

З роднага небасхілу,

 

З дружбы, мацнейшай ад смерці,

З песні... І так мне здаецца:

 

Каб з чаго іншага скласці,

Дык ці было б яно шчасцем?

1960

***

Ня толькі ўзяў таму я гэту мову,

Што на ёй рэкі, пушчы гаманілі,

 

Шумелі ў полі каласы і травы,

Пераклікаліся па гнёздах птушкі,

 

Што зь ёю лёгка было стаць чым хочаш –

Пявучай скрыпкай,

жаўруком,

паэтам.

 

Я гэту мову ўзяў сабе таму што

Зашмат у ёй было гаротных песень,

 

І мне хацелася прынесьці болей

Ёй чалавечай радасьці і сонца.

 

Таму цяжэй мне, як другім, калісьці

На гэтай мове стаць было паэтам.

1962

На мосце

Дождж, восеньскі дождж.

А я твой парасон

Сярод тысячы іншых пазнаю,

Стук абцасаў, ледзь чутны,

І ў шуме штодзённым адрозню,

Цень твой нават,

Заплюшчыўшы вочы, адчую.

Знаю, спяшаешся ты

На сустрэчу з другім,

Пераходзячы плошчы

Чакання майго,

Прабягаючы вуліцы

Крыку майго

І масты,

Замініраваныя маёй распаччу.

На адным з іх

Спыніўся,

                 стаю

Ў золкі восеньскі дождж,

Чакаю выбуху.

 1963

Шкляны чалавек

У музеі стаіць шкляны чалавек.

Калі ў ім запальваюць святло электрычнае,

Прасветліваюцца да апошняй жылкі

Галава,

            грудзі,

                        сэрца…

Прафесар, з указкай, расказвае

Пра функцыі кожнага органа.

А потым пытае:

                        – Ці ўсё зразумела?

– Прафесар!

            Я перажыў зямлі сваёй гора,

Знаю трагедыю Хірасімы,

Бачыў Асвенцім,

            Чуў звон Бухенвальда.

Дзе ў чалавеку знаходзіцца цемра?

1965

***

Парог, вычасаны з успамінаў,

Астаўся за мной;

Дзверы, на завесах цвыркуновай песні,

Асталіся за мной;

Вокны, зашклёныя вачамі блізкіх,

Асталіся за мной;

Хата, пакрытая крыламі ластавак,

Асталася за мной, –

 

 

Як жа мне не азірнуцца назад,

Нават калі б я застыў

Слупом солі.

1965

Зацьменне сонца

Казалі: поўнае зацьменне сонца,

Казалі: змрок зямлю ўсю атуліў.

Казалі, зоры былі бачны ў небе.

 

А мы з табою гэтага чамусьці

І не заўважылі,

                         хаць і глядзелі пільна

Праз невялічкае закуранае шкельца,

Што я прынёс табе

                                 і на якім

Астаўся, помню, нашых пальцаў след,

Адбітак нашых вуснаў і насоў,

Якія потым не маглі адмыць.

 

Ты не цікавілася часам,

Калі настане новае зацьменне?

1965

У дождж

Дрэнна стаяць пад дажджом

Пачынаючаму паэту,

Калі кожная кропля сячэ і сячэ.

 

Вядомы паэт мае шалік або парасон,

Выдатны – мае за што пайсці ў рэстаран,

Лаўрэат – у такі час, напэўна, спіць дома,

А класік – нічога не адчувае,

Бо ён – бронзавы.

1965

Мыццё бабкі Улляны

Яе ўсе шкадавалі,

Як шкадуюць кожнага,

Хто выняньчыў дзяцей,

Іх працу, будучыню, хлеб.

 

 

І, можа, ўсё спакойна абышлося б,

Але перад апошняю дарогай

Ніяк яе адмыць рук не маглі

Ад скіб зямлі,

Ад каласоў і сонца,

Ад пялёнак і ануч,

Ад чорных і распаленых гаршкоў

З бацвіннем, з бульбай,

Што больш паўсотні год

Яна стаўляла і выцягвала з печы.

 

 

Глядзяць усе на рукі гэтыя.

Пасівераныя, парэпаныя,

І заходзяцца плачам:

Бо як рукамі гэткімі

Ды ў дзверы раю

Грукаць!

1967

 ***

Самыя незабыўныя сны

Мне сніліся пад страхой

Тваіх шорсткіх далоняў.

(Даруй за такі сецэсійны

Пачатак прызнання.)

 

 

Твае вусны былі

На ўсе раны

Гаючымі лісцямі,

Хоць часамі вяртаўся да іх я,

Не варты спагады.

(Даруй мне і гэты грэх,

Як даравала ранейшыя.)

 

 

Ніводзін касцёр так мяне

Не вяртаў да жыцця,

Як цяпло тваёй песні,

Ля якога заўжды

Грэю змерзлыя рукі свае.

(Даруй, што сваім бесталковым жыццём

Гэтак часта цябе непакою.)

1969

***

Аднойчы я ішоў з Дантэ

Па спіралях пекла.

І ён дзівіўся,

Што з часоў апошняе вандроўкі,

У царстве ценяў

Прыбавілася столькі новых

І невядомых

Яму кругоў.

1971

У парэпанай раме дзвярэй

З непрытульнага

Слабадскога пагоста,

Хоць і абгароджанага толькі

Заламанымі ў роспачы рукамі

І шумам сосен,

Ніхто зноў не вяртаўся.

 

 

І ўсё ж,

Здаецца мне,

У парэпанай раме дзвярэй

Зноў цябе бачу, маці!

Бачу, пасівелую, як валун,

Што і сёння трымае

На згорбленых плячах

Зруб нашага шчасця.

Бачу, атуленую хусткай трывогі,

Трывогі за дзяцей,

Што наведаць спазняюцца,

За нівы,

Што смягнуць пад сонцам,

За грады,

На якіх вецер кошкаецца пеўнем…

З-пад рукі –

Анямелай галіны плакучай вярбы,

Глядзіш у бясконцую далячынь

Перажытага.

Я стаю

І баюся пераступіць парог,

Каб не спудзіць твой цень

У парэпанай раме дзвярэй.

1971

Гэты яблык

Гэты яблык у тваіх руках,

Наліты спакусай нясцерпнай,

Мне прыгадаў, як мы на світанні

Асцярожна пракрадваліся ў сад

Міма зіркастай Мядзведзіцы,

Міма зморанага Саваофа

І яго вернага змоўшчыка – Змія,

Які прытварыўся, што спіць.

Бо ледзь мы паспелі сарваць першы яблык,

Як вэрхал узняўся ў Эдэме такі,

Які і да сённяшніх дзён не сціхае.

1972

***

Ты павіталася.

А я – усцешыўся,

Але хутка выпусціў з рук
Тваю далонь,

Не знайшоўшы на ёй

Сваёй

Дарогі жыцця.

1978

 ***

Ідзе сляпец, асцярожна

Пастуквае кавінькай,

Быццам баючыся,

Каб на яго стук

Зямля не адказала:

«Калі ласка…»

1983

Чмель

Першы прачнуўся жаўрук.

А за ім –

Усе іншыя птушкі,

Пчолы,

Матылі.

І калі яны

На палях і лугах

Размалявалі кветкі

У свае любімыя колеры, –

Прачнуўся чмель,

Працёр, незадаволены, вочы

І пачаў гудзець:

– Усё не так.

Усё буду перамалёўваць.

1983

***

Калі вы будзеце, сябры,

Зноў разважаць

Аб зачацці бязгрэшным

Паэзіі,

Аб непарушнасці

Канонаў жанравых

І граматычных форм,

Аб тым, якімі мусяць быць

Элегіі, рамансы, оды,

Ці аб тым,

Якім памерам

Трэба пісаць вершы, –

Паклічце і мяне.

Бо як некалі

Маэстра Дунікоўскі гаварыў:

«Я ўжо чалавек стары

І хацеў бы

Памерці ад смеху». 

1984

***

Павучае старая варона:

– Калі вада – з неба,

Людзі кажуць: дождж.

Калі з зямлі –

Фантан.

– Чаму? – спытала варанё.

– Сама не разумею,

Хоць век над гэтым

Думаю.

1988

«Ай!» – люблю

Пры сустрэчы з сябрамі,

Вывучаю іх мову.

Пачынаю са слоў

Неабходных, жыццёвых.

Але ты дзе ўзяла

«Ай!» – кітайскае слова,

Не знаеш?

А заўсёды ў абдымках маіх

Паўтараеш.

1990

***

Набыў ракушку.

Цяпер я – не самотны.

Гавару з морам.

1994

Чаму настаў вечар

На расчыненай раме

Майго вакна

Да сну рыхтуецца ластаўка.

Адзін прамень

Сонечнага заходу

Схавала пад адно крыло,

Другі – пад другое.

А трэцім думала пабавіцца,

Ды, як камара, праглынула…

І настаў вечар.

1994

Літаратура
Паэзія
Заходняя Беларусь
Беларусь
XX стагоддзе
Пімен Панчанка
Максім Танк