***
Ад спёкі пышуць дахі і асфальт,
На вулцы ўецца пыл, і грукаціць фурманка;
«Каробушку» пяе дзіцячы альт,
I надрываецца абрыдлая шарманка.
Хаця бы крышку часу адпачыць!
Мо на бульвар пайсці, сесць на далёкай лаўцы,
Здрамнуць, газету свежую купіць
I прачытаць усё да імені выдаўцы?
Бура
Панурая, вялізная жывёла
Па шыры неба ў даль марудна праплывае.
Ўсё сціхла. Але вось паветра рассякае
Агністы меч і зіхаціць вясёла.
Ударыў ён – і грукат пракаціўся;
Мігае грозны меч, удары не сціхаюць,
І ўніз халодныя бічы крыві сцякаюць,
А людзі кажуць: гэта дождж праліўся.
***
Мілая, згадай:
Веяла цёплай вясной,
I вішні цвілі.
Калыхнуў я галіну,—
Белы цвет асыпаў нас.
***
Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог,
Улажылі спаць мяне вы на зямлі.
Не курыцца светлы пыл усцяж дарог,
Ў небе месяца праглянуў бледны рог,
Ў небе ціха зоркі расцвілі.
Знічка коціцца агністаю слязой,
Прашумела мякка скрыдламі сава;
Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,
Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,
Чую ў цішы, як расце трава.
***
Дзесь у хмарах жывуць павукі,
Што снуюць павучыну дажджа.
Кожны тлусты і мяккі такі,
Скура слізкая, як у вужа;
Ў целе стыгне халодная кроў,
Злосць бясцэльная ў мутных вачах...
Чуеш! Во шорах ног павукоў,
Аплятаючых сцены і дах.
Разрытая магіла
Polatuj nad groby,
Piosenko żałoby.
Żygliński
Дробны дождж сячэ, ліецца;
Вецер злосна ў хату рвецца,
Ў полі стогнам аддаецца,
Стукне ў дзверы і акно –
Сэрца беднае заб’ецца,
І адразу ў ім прачнецца,
І адразу скалыхнецца
Ўсё, што згінула даўно.
Ўспомніць сэрцэ, што любіло,
Успомніць моладасць і сілу,
Ўсё, што знікло і уплыло,
Усё успомніць, як у сне, —
Бачу: сэрцэ не забыло,
Што жыццё ў ім загубіло…
І разрытаю магілай
Вее сумна на мяне.
***
Напілася сонца са крыніц сцюдзёных,
Усцягнула ў вышу з іх ваду, як пар;
І, ўзляцеўшы шпарка па праменнях тонкіх,
Пар зрабіўся слічнай чарадою хмар.
Удаль яны памкнулі і лятуць пад імі
Нівы ды балоты, поле, бор, лука.
Але што там блішчэ? Ці не ты, сястрыца,
Ці не ты ліешся срэбная рэка.
Загрымелі ў хмарах гулка прывітання
І далёка буйны вецер іх разнёс.
Рынуліся хмары да рэкі радзімай
І зліліся з ёю ліўнем кропель-слёз.
Першая любоў
Ўжо позна. Мрок вясенняй ночы
На вузкіх вуліцах ляжыць.
А мне — вясёла. Блішчаць вочы
І кроў ад шчасця аж кіпіць.
Іду я радасны, харошы,
Знікае з сэрца пустата…
А пад разінавай калошай
Ціхутка хлюпае слата.
***
Дождж у полі і холад... Імгла...
Дзесь у вёсцы міргаюць агні.
Там, злякаўшысь, схавалась, лягла
Доля горкая ў чорным цяні.
І пад цёмнымі скрыдламі ночы
Не убачаць цяпер яе вочы.
Толькі вецер асенні, начны
Ў полі сумна гудзіць і пяе
Аб радзімай старонцы глухой
Ды аб долі няшчаснай яе.
Цісне сэрца мне песня начная...
Хай жа голасна вецер спявае,
Хай пяе ён у роднай зямлі,
Каб у сэрцах нам сорам збудзіць,
Каб змагацца з няпраўдай ішлі,
Ў чыім сэрцы сумленне не спіць.
Долю чорную ноч не схавае,
Калі выльецца песня жывая!
Асенняй ноччу
Чарнеецца сажаю вечар.
Дождж б’ецца аб хвалі ракі;
Гуляе, гудзе над ёй вецер,
Заводзіць, што ў полі ваўкі.
Спакойна мне тут пад вадою:
Залёг я ля млына на дне;
Апруся на кола рукою, —
Млын казку старую пачне.
Кругі завіруюцца жорнаў,
Трасецца хадырна сцяна;
А думы — як колас без зёрнаў, —
Усё мяне цягне да сна.
Бяспамятна колы піхаю,
Хілюся да дна галавой —
І ўжо я драмлю, засыпаю
Пад шум непагоды глухой.
Санет
Замёрзла ноччу шпаркая крыніца;
Твая пара, зімовая нуда!
Цяпер няма ўжо руху ні сляда,
I нават зверху слоем снег лажыцца.
Ды ўсё дармо, бо там, пад ім, струіцца
Магутная, жывучая вада.
Чакай! Яе йшчэ прыйдзе чарада!
Здалее хваляў хор на вольны свет прабіцца.
Прыклаў я гэты сімвал да сябе,
Схіліўшыся ў надсільнай барацьбе,
I разгадаў прыроды роднай словы.
Як — прамаўчу, бо кожны з вас — паэт.
Рассейце ж самі лёгкі змрок прамовы,
Сваёй душы туды праліце свет!
Завіруха
У бубны дахаў вецер б'е,
Грыміць па ім, звініць, пяе.
І спеў ліецца ўсё мацней, —
Гулянку справіў пан Падвей.
У бубны дахаў вецер б'е.
Грыміць па ім, звініць, пяе.
Ўскіпела снежнае віно
І белай пенай мкне яно.
У бубны дахаў вецер б'е,
Грыміць па ім, звініць, пяе.
Па вулках вее дзікі хмель,
Гудзіць сп'янелая мяцель.
У бубны дахаў вецер б'е,
Грыміць па ім, звініць, пяе.
Зімой
Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
I волен лёгкіх санак бег.
Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць,
У небе зоркі ад марозу
Пахаладзеўшыя дрыжаць.
Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, светлы стоўп спусціў
I рызай срэбнаю раздолле
Снягоў сінеючых пакрыў.
Ўзрывайце ж іх санямі, коні!
Звіні, вясёлых бомаў медзь!
Вакол лятуць бары і гоні,
Ў грудзях пачала кроў кіпець.
Мне снілася
Ўсё вышэй і вышэй я на гору ўзбіраўся,
Падымаўся да сонца, што дае нам цяпло:
Але толькі чым болей да яго набліжаўся,
Тым усё халадней мне й маркотней было.
Заскрыпеў снег сыпучы пад маімі нагамі,
І марозам калючым твар пякло ўсё крапчэй.
І, пануры, стамлёны, ўніз пайшоў я снягамі, –
Сонца там хоць і далей, але грэе цяплей!