19 ліпеня 1982
Уладзімір Караткевіч
21℃. То сонца, то хмары. Паветра дрэнь. А ўчора быў такі раскошны, такі ясны, хаця і гарачы дзень. Ехалі на Лагойск, там, ля «Партызанскага бору» (цьху!), паварот налева, за Корань, на Укропавічы і адтуль на лес. Ля хаты высокая трава, дацвітае белая шыпшына, ціша, паветра піць можна. Чырванее патроху парэчка. А ў лесе ўжо ёсць сыравешкі і маслюкі, ад суніц чырвона, ад чарніц чорна. І проста хоць ты кінься ў слёзы ад добрага бязлюддзя, ад паляны, вакол якой ходзяць у небе пад ветрыкам страйнюткія яліны і расчухраныя бярозы, ад нахабных яшчарак, якія бегаюць па пакосе (нехта махнуў касою з дзесятак разоў) і ледзь не ўзлазяць табе на ногі. Па дарозе туды і назад купаліся на Вячы. Вада цяплюткая і ласкавая! Гэта жыццё. А то сядзіш у горадзе, як сыч, і толькі робіш, робіш невядома на чыю карысць.