10 ліпеня 1942
Іван Мележ
У Растове, калі трохі сціх боль, я чытаў у часопісе «Новый мир» раман «Ціхі Дон» М. Шолахава, чацвёртую кнігу.
Кніга вельмі хвалявала. Успамінаўся Каменск, дзе я быў так блізка ад тых мясцін, у якіх жылі героі кнігі. Я быццам нанава хадзіў па роднаму цяпер, такому знаёмаму стэпу. I як бы зноў дыхаў яго, насычаным ветрам i травамі, паветрам. I разам з гэтым я ўспамінаў Глінішча: жыццё на Доне здавалася такім падобным да нашага. А вайна i памяць пра тое, што мая радзіма i радня мая там, за фронтам, надавалі чытанню майму горыч i вастрыню перажыванняў.
Цудоўная кніга. I зараз жыву пад яе ўражаннем.
Тут знайшоў любімую сваю «По следам войны» Вайталоўскага. Я яе чытаў калісьці ў Турцы, перад вайной, i яна ўвесь час нагадвае мне пра Турку. Быццам я не ў Есентуках, a зноў там. I часам раптам здаецца, што i не было вайны.
Але гэта толькі часам. А наогул, гэта кніга выклікае многа параўнанняў з гэтай, нашай вайною.