27 красавіка 1991, Іван Шамякін | Wir.by

27 красавіка 1991

Іван Шамякін

Іван Шамякін

На другі дзень мы выступілі ў пагранічнікаў, парыліся ў ix лазні.

Абедалі ў Віскулях, ва ўрадавым комплексе, у глыбіні некранутай пушчы. Безумоўна, не ў той зале, дзе абедаў Брэжнеў, – у гасцініцы для аховы. Але паказаў нам Раманаў усё. Адчувалася, што яму хацелася, каб хтось з нас напісаў пра тое, як адпачывае партыйная эліта, самыя вярхі яе.

I ў мяне з'явілася такое жаданне – напісаць пра пушчу. Паляванне напісаць. Але як? Героі хто? Вазьмі гэтых пад любымі прозвішчамі – «зарэжуць на корані». Круціў розныя сюжэты. Але быў у мяне сюжэт, над якім я працаваў ужо, – аб лёсе чалавека, кіраўніка, які меў уласную думку i ні ў вайну, у партызанах, ні ў мірны час не глядзеў начальству ў рот. Іван Антанюк, кіраўнік рэспубліканскага маштабу ў сферы аграрнай, выступіў у абарону... траў. Сучаснай моладзі гэта не зразумець. Але быў час, калі i травы сталі высокай палітыкай, звычайная канюшына, на якой у Беларусі, Польшчы, Літве стагоддзямі трымалася жывёлагадоўля, i добра трымалася.

«Кукурузнік» Хрушчоў, «рубаха-парень» i рубака, вырашыў i тут зрабіць пераварот i абвясціў вайну травам. Добра помню, што не толькі спецыялісты, але i мы, пісьменнікі, з самага пачатку лічылі гэта глупствам, дзеці сялян, мы добра ведалі, што такое канюшына. А кукуруза, кіяхі... ix садзілі на Брэстчыне i Гомельшчыне толькі на гародах.

Знайшліся людзі, якія выступілі супраць гэтай бяздумнай палітыкі. Але ў чым была бяда рэфарматара Хрушчова? Ён, як i Сталін, не мог цярпець тых, хто думае інакш, не так, як ён, вярхоўны. Розніца была ў тым, істотная, безумоўна, што Сталін такіх садзіў, Хрушчоў адсылаў на пенсію. Побач з ваеннымі з'явіліся i цывільныя, былыя кіраўнікі, пенсіянеры ва ўзросце 45-55 гадоў. I як правіла – не горшыя людзі, тыя, хто ўмее думаць самастойна.