3 чэрвеня 1942
Іван Мележ
Я на месцы, у рэдакцыі. Начальнік мой — сакратар рэдакцыі Галецкі. Ён тут ужо даўно, але да сённяшняга дня быў у камандзіроўцы, ездзіў за папаўненнем. Пазнаёміўся таксама з работнікамі друкарні: Любімскі, Мая, Вайншток, Харашаеў. У склад рэдакцыі «ўваходзіць» таксама палатка з архівамі газет, у якой мы спім. Вось i ўсё. Рэдактара няма. Друкарні няма. Газета не выходзіць. Усё гэта мы павінны чакаць. Гэта нас хвалюе. Каб хутчэй...
Яшчэ ў дарозе гаваркі Вайншток расказваў пра сябе i таварышаў. На ўсім шляху да рэдакцыі — сем км — ён уводзіў мяне ў курс падзей. Я даведаўся, што друкарня загінула ў грозный майскія дні. Машына стаяла ў сяле. У самым пачатку наступлення нямецкія бамбардзіроўшчыкі прайшліся па тылах. Адна з бомб падпаліла машыну. Асколкам бомбы быў цяжка паранены ў спіну сакратар рэдакцыі Спірын. Па дарозе ў шпіталь ён памёр. Машыны згарэлі, з імі пайшла агнём уся маёмасць, што ў ix была. У наступны дзень быў ранены рэдактар Трахтэнберг. У дом, дзе ён на той час быў, трапіла тэрмітная бомба. Адзежа на ім загарэлася, ён выбег з дому ў агні.
Потым ён ляжаў — чорны, да непазнавальнасці абгарэлы. Адправілі ў шпіталь у безнадзейным стане. Майго папярэдніка — літработніка — задоўга да гэтых падзей паслалі на курсы. Такім чынам, склад рэдакцыі амаль цалкам новы. Няма пакуль рэдактара. Газета, мяркуючы па архівах, была нядрэннай, лепшай за многія армейскія.
Думаю, у нас будзе не горшая.