8 сакавіка 1942
Іван Мележ
Вось зноў мы сталі студэнтамі. Пад падушкамі ў нас кніжачкі, розныя статуты i «наставления». Спім на ложках, засланых беласнежнымі прасцінамі. У пакоях па-дамашняму ўтульна i цёпла. У класах часта разгараюцца дыскусіі – гарачыя, хвалюючыя. Здаецца, чаму б не быць спакойным. Але i тут часта ўспамінаецца фронт, дзе засталіся мае сябры, дзе хутка буду я. Па начах сняцца бамбардзіроўшчыкі, аўтаматчыкі. Подых далёкага фронту чуваць i тут.
Па рэйках няспынна спяшаюцца эшалоны – з танкамі, ca снарадамі, з ваеннымі людзьмі, а назад – пасажырскія вагоны з крыжамі. Цяпер пакуль стаяць марозы, выпаў снег, хрупае пад нагамі. A дні бягуць, бягуць. Пралятаюць, як паязды, толькі лёгкі ўспамін застаецца; сціхаюць, бы стук адышоўшага эшалона. З пад'ёму да адбою – заняткі.
Раніцай 4 гадзіны – тактыка, вучаць атакаваць. Потым палітпадрыхтоўка, статуты. Да канца дня выматаешся да рэшты. Мне яшчэ далі партработу роты – сакратар. Выпусцілі газету, «баявыя лісткі», агітатары працуюць, спаборніцтва разгортваем. Работы многа, тым больш, што ўсё гэта трэба рабіць у перапынках між заняткаў.
З фронту мала добрых вестак. Нашы ідуць наперад, але вельмі марудна. Ціхае жыццё зноў i зноў нараджае ўспаміны пра Глінішчы, пра родных, пра каханне. Я часта забываюся на занятках, гадаю, што робіцца ў гэты час на маёй далёкай радзіме. Што робіць маці, ці дома бацька, браты? Сёння прысніўся цудоўны сон, нібы еду я па Алексічах. Свята. Еду – i назад, як кветкі, праносяцца прыбраныя дзяўчаты. Адну пазнаў – Каця! «Гэй, чарнабровая», – крыкнуў я i раптам анямеў: гэта не Каця. Потым снілася Алеся – родная, мілая, быццам мы сядзім ля плятня. Цэлы дзень хаджу сам не свой. Адчуванне такое, нібы толькі што сустрэў яе сапраўды, такая ж цеплыня ў сэрцы. Ці хутка ўбачымся? Узяў звальніцельную. Ca мной Гныпель, Губанаў, Смірноў, Тарабан. Пайду пахаджу па горадзе, у кіно пойдзем.