14 лістапада 1942, Іван Мележ | Wir.by

14 лістапада 1942

Іван Мележ

Іван Мележ

Трэці дзень працую. Абсяг маіх знаёмстваў хутка шырыцца. Акрамя Агасьевай i Беразнякова, я пазнаёміўся з выкладчыкамі Крачун, Ерашчук, Мыльцынай, Колакалавай, Чабаном. Ціхі, сціплы Чабан выкладае малдаўскую мову, усмешлівая, сінявокая Ерашчук — педагогіку i псіхалогію, гаваркая, жыццярадасная Колакалава — нямецкую мову. Пазнаёмілі мяне таксама з гісторыкам з Настаўніцкага інстытута — Удальцовай, масквічкай.

Тут жа, у невялікім пакойчыку — навукова-даследчы інстытут. З тых, хто працуе там, мне неяк адразу запомніўся бледнатвары, сур'ёзны Русеў. Наогул, там свет, які выклікае павагу — навука. Навука таксама жыве ў гэтыя цяжкія дні.

Запомніліся студэнты — Барабаш, Шлаен, Гужаль. Гужаль піша вершы.