19 кастрычніка 1941, Іван Мележ | Wir.by

19 кастрычніка 1941

Іван Мележ

Іван Мележ

Адыходзім на ўсход. Не даязджаючы да с. Акцябрскае, сустрэў Землякова, Тышчанка, Хазіева, Чыгілейчыка, Шмідава. Землякоў расказаў ix гісторыю з часу нашай разлукі. З Умані яны накіраваліся на Кіраваград, а затым у сяло Вольнае ля Ніжнедняпроўска. Тут ix фарміравалі. Землякоў i другія трапілі ў 203-ці, a Пісьман, Удовенка, Грыгар'ян у 657-ы пяхотны. Пасля трагедыі за Самарай яны ледзь выратаваліся, а Удовенка i ўсе з 657-га прапалі без вестак. Дзе Пісьман, Грыгар'ян, Удовенка — невядома. (Але яны, кажуць, не загінулі.) Карабутэнка, аказваецца, працуе ў «На чеку». Мяне таксама лічылі загінуўшым. Ля Ніжнедняпроўска Землякоў выпадкова знайшоў згублены блакнот. Глядзіць — мой подпіс. Ён аддаў яго Івану.