30 мая 1991, Іван Шамякін | Wir.by

30 мая 1991

Іван Шамякін

Іван Шамякін

Нельга кінуць Машэраву папрок, што яму бракавала прынцыповасці. I аднак... Час i сістэма, іерархія вымушалі i яго ісці на «сделку с совестью».

Брэжнеў праявіў абразлівую непавагу да Беларусі, калі чатыры гады не ўручаў Мінску Зорку Героя. I паўгода не ўручаў Зорку Героя Сацыялістычнай Працы Машэраву, хоць узнагародзіць вымушаны быў, бо залішне навешаў зорак сабе.

Нарэшце Генсек ашчаслівіў мінчан.

Раніцою сустракалі поезд на вакзале. Лета. Цяплынь. Настрой узнёслы. Члены ЦК, міністры «травили» анекдоты. Я назіраў за Машэравым i заўважыў, што ён нервуецца. Не дзіўна: ён гаспадар i яму належыць прыняць самага высокага госця.

Спытаў у сваіх, што ў нас размяшчаецца ў новым шматпавярховым будынку насупраць абсерваторыі.

«Інстытут».

«Ведаю, што інстытут. Але які? Як ён называецца?»

Ніхто з членаў бюро не мог назваць, як называецца ўстанова.

Машэраў узлаваўся. Паклікаў гарадскіх кіраўнікоў, якія стаялі воддаль. Але i яны блыталіся, i гэта яшчэ больш раздражняла Пятра Міронавіча. Яны гаварылі ледзьве не шэптам, з аглядкай: інстытут закрыты — ці няма побач шпіёнаў? A між тым я, грэшны, ведаў, як называецца гэты інстытут. Але мяне забаўляла няведанне кіраўнікоў, i я маўчаў, я знаў, што не даруюць яны мне, калі я «вытру нос» ім. A Машэраў рэаліст. На поўны голас:

«Здорава мы кіруем! Нікулкін, як называецца інстытут, які ахоўваюць твае хлопцы?»

Але i старшыня КДБ не знаў.

(Неяк у Маскве, гуляючы ў Георгіеўскай зале, Нікулкін расказваў мне сваю біяграфію i не мог успомніць рэспублікі, у якой працаваў.

«Там, за Волгай...» Я падказваў: «Марыйская, Мардоўская... Татарская... Башкірская...» «Во, Башкірская»,— успомніў праніклівы разведчык).

Машэраў сярдзіта высмеяў памочнікаў: «Дакіраваліся, што не знаем, чым кіруем. Давайце выйдзем на плошчу да людзей, i яны глядзі што хорам назавуць гэты інстытут».