5 верасня 1982, Уладзімір Караткевіч | Wir.by

5 верасня 1982

Уладзімір Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

16℃. Рэзкі, зусім ужо асенні, халодны вецер. Асенняе паветра. Асенняе неба з сонцам пад аблокі. Можа, хоць на месяц уцяку ад гэтага, а там зноў праца, на гэты раз, мабыць, ужо на цэлы год без перадыху, а можа, і на два.

Рана гэтае асенняе паветра. Можа, і мае рацыю старая прыкмета. Столькі на арабінах сёлета чырвоных гронаў, болей чым зелені, што чакай ранняй і халоднай зімы. Гэта, мабыць, і так: натура паклапацілася пра драздоў і іншых. Наядуцца перад палётам, абкалоцяць многа і на зямлю, і там, пад снегам, яна перазімуе, каб вясной, калі нічога яшчэ не будзе, дразды маглі гэта, назнарок імі абкалочанае, падабраць з зямлі. Які-ніякі, а корм. Не хочацца холаду, так мала гэтым летам хадзіў, ездзіў, бачыў неба, палёў, лясоў. Ладна! Зачынюся ў хаце і буду рабіць і рабіць.