8 снежня 1583, Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка» | Wir.by

8 снежня 1583

Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка»

Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка»

Выехаўшы раніцаю і пакінуўшы за сабою з правага боку гару другую Дырапетру (перад тым званую Іерапетра), дзе шляхта дзеля разбойнікаў морскіх трымае жаўнераў, прыбылі мы за тры гадзіны перад заходам сонца ў кляштар грэцкі, называны Св. Яна de Patina. Бо ёсць выспа ў Архіпелагу, якая завецца Патмос, дзе Св. Ян Евангеліст Аб’яўленне свае пісаў. Шмат ёсць кляштараў у Грэцыі таго самага закону, а ўсюды называюцца яны Св. Яна de Patina. Недалёка ад таго кляштара (бадай што за польскую мілю) відаць муры досыць яшчэ цэлыя, з каменю квадратнага, на гары высокай, праз якую я ехаў, з таго відаць, што места нейкае вялікае там некалі было. Таксама недалёка ад кляштара таго ёсць цыстэрны, вялікім коштам у зямлі вымураваныя, адкуль ваду ў тым месце бралі; і дзіўна, чаму яно на гары закладзенае было, дзе вады быць не магло, каб так далёка па яе хадзіць, вада ж тая ад дажджу бывала, бо іншай тут нідзе няма; і ўся выспа тая толькі дзве мае рэчкі, па якіх толькі ў чаўне, дый тое невялікім, ехаць можна, а калі дзе ёсць крыніца, дык малая і вады скупа дае.