21 жніўня 1944, Кузьма Чорны | Wir.by

21 жніўня 1944

Кузьма Чорны

Кузьма Чорны

Грып. Слабасць. Хіліць у пасцель. А ляжаць не магу. Думкі мучаць. І Рэня адчувае сябе дрэнна. І ёй вельмі нездаровіцца. Небарака, яна ператамілася, гэтулькі ёй клопату і працы!

Толькі што зайходзіў на паўгадзіны У.Фінкель. Ён бядуе. У Беларускай акадэміі няма больш жыдоўскага аддзелу. У Менску няма і, мусіць, не скора будзе жыдоўская газета. У Беларусі вельмі мала асталося жыдоў. Уры Фінкель верны сын свайго народа. Патрыятычны сум яго - гэта шчырая пакута яго душы аб трагедыі свайго народа. Уры Фінкель належыць свайму народу і разам з ім варт вялікай пашаны. Гэта чалавек жыдоўскай культуры. Няхай да яго вернецца яснае шчасце душы.

Сённяшні момант беларускай гісторыі важан не толькі выгнаннем з Беларусі немцаў. Беларусь - усходняя славяншчына. Немец тут ніколі не будзе панаваць. Вельмі важным момантам сёння ёсць нам тое, што адбываецца ў Польшчы. Здаецца, што кладзецца канец польскаму зямельнаму магнацтву. Польшча без зямельных магнатаў гэта ўжо малое зло. Наўрад ці ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі Польшча будзе сунуцца зноў рабіць у Беларусі сваю граніцу, хоць спробы даводзіць, што Польшча «мае права» апалячваць Беларусь, могуць быць. Як бы там ні было, а раман аб Рыгору Сухменьчыку калі-небудзь павінен быць напісан. Пісаць буду, ужо здаўшы ў друк «Вялікі дзень», «Пошукі будучыні», «Скіп'ёўскі лес», «Смага», кнігу аповесцей «Сумліцкая хроніка», «Млечны шлях», «Лявончыкава Ліда і Якубаўскі карчмар Сымон Біруля». Раман «Сыны Хведара Нявады» і драма.