22 ліпеня 1982
Іван Шамякін
У першым класе школы, куды я пайшоў на дзевятым годзе жыцця, мне не было чаго рабіць побач з вясковымі хлапчукамі i дзяўчаткамі, большасці з якіх вельмі туга давалася тайна чытання, арыфметыкі. Часта замест задання першага класа я паспяхова выконваў заданне трэцяга класа, вучні якога сядзелі побач, правей, займаючы другі рад парт. Вяла класы адна настаўніца — Валянціна Андрэеўна Рабцава. Яна вучыла мяне да пятага класа. Я любіў сваю настаўніцу. Мне здавалася, што жыве яна зусім іншым жыццём, чым усе навакольныя людзі. Жыццё гэтае вабіла мяне. Вельмі хацелася падгледзець яго, пазнаць. Парадак, чысціня ў яе кватэры моцна ўражвалі. Я паспрабаваў наводзіць такі парадак дома, але з гэтага нічога не атрымалася, за падобнае новаўвядзенне добра ўляцела ад бацькі.