13 чэрвеня 1942
Іван Мележ
Каменск. Зайшоў у памяшканне, дзе мы жылі больш за два месяцы. Цяпер там было пуста. Некалькі чыіхсьці скрынак у куце. У маім пакоі — таксама пуста. На сцяне пад акном відаць вершы, якія я пісаў у ложку ў час хваробы. Той жа надпіс «выключальн. Няспраўны». У іншых пакоях знаёмыя надпісы: Сахно, Перапечанка. Усё да болю знаёмае. Прайдзі па Украіне, i колькі такіх родных мясцін, колькі вёсачак, хутаркоў, такіх амаль невядомых нікому, з якімі пазнаёміла i парадніла вайна.