Мемы на шчытах: незвычайныя гербы беларускай шляхты | Wir.by
Для чаго патрэбныя былі шляхецкія гербы? Першапачаткова, канешне, для таго, каб адрозніць сваіх на полі бою. Падкрэсліць высокае паходжанне і распавесці эмблемай гісторыю свайго роду — таксама добрая мэта. Але і перад суседзямі пакрасавацца важна — і вось шляхціц, узброіўшыся фантазіяй, з належным гонарам выбірае сабе на герб… граблі! Як такое магчыма? Распавядаем пра незвычайныя выявы на гербах беларускай шляхты.
Мемы на шчытах: незвычайныя гербы беларускай шляхты

Мемы на шчытах: незвычайныя гербы беларускай шляхты

Кот Марскі

«На шчыце ў чырвоным полі намаляваны срэбны кот, які сядзіць, запусціўшы хвост у заднія ногі, з паднятымі пярэднімі лапамі і з залатой павязкай на галаве. У кляйноце тры страўсіныя пёры. Намёт чырвоны, абабіты срэбрам».

Дзіўная назва герба «Кот Марскі» да мора, насамрэч, не мае ніякага дачынення, а, верагодна, звязаная з нямецкай мовай. На больш старажытных выявах герба кот нагадвае малпачку, а па-нямецку мартышка якраз называецца Meerkatze — «марскі кот». Верагодна, і сам герб трапіў на нашыя землі праз Нямеччыну з больш заходніх краёў — малпачка сустракаецца ў геральдыцы Партугаліі, Гішпаніі і Нідэрландаў.

Хто карыстаўся гербам: Вайшвілы, Вайшнаровічы, Вілкаловічы, Вількалевічы, Віркаловічы, Войснары, Войшнары, Катлубаі, Каты, Корзуны.

Бажэньскі

«Вавёрка сядзіць у залатым полі. Кляйнот: палова мурына (жыхара Афрыкі) у срэбнай насцегнавай павязцы, у левай руцэ ён трымае срэбны сцяг з вавёркай на шчыце».

Паводле легенды, шляхціц Ян Бажэньскі, які карыстаўся гербам з вавёркай, ваяваў на службе караля Арагонскага. У адной з бітваў ён мужна перамог маўраў і захапіў у палон аднаго з іх. Так Бажэньскі вярнуўся дадому ўжо з рыцарскім гербам, дзе з таго часу і намаляваны той самы маўр.

Хто карыстаўся гербам: Базарэўскія, Базылеўскія.

Белы Завой

«У чырвоным полі — фіялетавая шапка, абцягнутая знізу тканінай з залатымі, сінімі, зялёнымі, чырвонымі і срэбнымі палосамі і аздобленая залатым кутасам з левага боку, а з правага боку — тры пёры, сярэдняе залатое, а бакавыя сінія. Кляйнот: тры страусавы пёры. Намёт чырвоны, падбіты золатам».

Гербам «Белы Завой» карысталіся татарскія сем’і, таму досыць лагічна, што на ім намаляваны цюркскі галаўны ўбор. Для беларускіх земляў такія спалучэнні колераў і фасоны выглядаюць досыць экзатычна, але татарская шляхта жыла тут яшчэ ад часоў Вітаўта. 

Хто карыстаўся гербам: Гамбіцкія.

Аксак ІІІ і Прыяцель

POL_COA_Aksak_III.svg.pngГерб «Аксак ІІІ». «У чырвоным полі па дыяганалі фіялетавае сэрца, працятае срэбнай стралой зверху ўніз у левы бок. У кляйноце — тры страусавы пёры». POL_COA_Przyjaciel.svg.pngГерб «Прыяцель». У блакітным полі над залатой талеркай чырвонае сэрца працятае адной стралой ці крыжападобна дзвюма стрэламі. Кляйнот: пяць страусавых пёраў.

Татарскае паходжанне мае і герб «Аксак». У яго ёсць тры варыяцыі, на адной з іх – выява, якая нагадвае сэрцайка з абгорткі жуйкі «Love is», працятае стралой.

Падобны сюжэт мы можам пабачыць на яшчэ адным гербе пад назвай «Прыяцель». Верагодна, што першы носьбіт менавіта гэтай, трэцяй, варыяцыі герба «Аксак» меў дачыненне да нейкага роду, што карыстаўся гербам «Прыяцель», і, адпаведна, гэтае сэрца перавандравала з герба на герб.

Хто карыстаўся гербам «Аксак III»: Аксакі, Акінчыцы, Гурко, Даўнаровічы, Кардашэвічы, Каспяровічы, Селімовічы, Талькоўскія, Шагуневічы.

Хто карыстаўся гербам «Прыяцель»: Адамовічы, Бейнаровічы, Грабоўскія, Макушынскія, Міцкевічы, Мурашкі, Нагродзкія, Паўловічы, Рамановічы, Акінчыцы, Ждановічы.

Бонча

«У блакітным полі срэбны аднарог на дыбах. У кляйноце палова срэбнага аднарога на дыбах».

Паводле легенды, першым носьбітам герба быў італьянец Баніфацый, чыё імя скарацілі як Бонча. Герб «Бонча» прыйшоў на нашыя землі амаль адначасова з прыняццем хрысціянства. Блакітны колер у хрысціянстве асацыюецца з Маці Божай, а аднарог сімвалізуе чысціню, нявіннасць і строгасць, што таксама дазваляе атаясамліваць яго з Марыяй і Езусам. Верагодна, менавіта па гэтай прычыне герб стаў такім папулярным сярод мясцовай шляхты.  

Хто карыстаўся гербам: Ануфровічы, Асмалоўскія, Бабіноўскія, Багдановічы, Банчэўскія, Бруевічы, Буйневічы, Букоўскія, Булаты, Васьнеўскія, Гіршы, Грахоўскія, Гудыноўскія, Заверскія, Оттэнгаўзы, Раманоўскія, Тамашэўскія, Хадасоўскія.

Брохвіч ІІІ

«У залатым полі палова залатога аленя, што выскоквае з такога самага паўмесяца, плячом дагары, з залатой зоркай паміж рагамі. У кляйноце над шлемам у кароне намаляваны хвост паўліна з залатым паўмесяцам дагары нагамі з зоркай, як на гербе».

Назва герба, імаверна, паходзіць ад чэшскага слова «paroháč»  — рогач, алень. У геральдыцы алень сімвалізуе высакароднага ваяра. На арыгінальным гербе «Брохвіч» размешчаны толькі сам алень, зоркай і паўмесяцам дапоўненая яго трэцяя версія. Шасціканцовая зорка тут не мае дачынення да габрэяў, у еўрапейскай геральдыцы гэта проста найбольш распаўсюджаная выява зоркі. Гэты вобраз супадае з пячаткай Саламона, якую выкарыстоўвалі як амулет: у крыніцах XV стагоддзя ваярам прапануюць насіць на сабе такі знак, каб іх не ўзялі ў палон. Геральдычны паўмесяц жа можа абазначаць як удзел прадстаўнікоў роду ў барацьбе супраць туркаў, так і проста ласку і абарону Маці Божай. 

Хто карыстаўся гербам: Вагнэры.

Гербурт

«У чырвоным полі зялёны або залаты яблык, прабіты трыма мячамі: па дыяганалі справа налева, злева направа і ззаду. Кляйнот: тры страусавыя пёры».

Першыя прадстаўнікі роду Гербуртаў і аднайменнага герба былі родам з Маравіі — відавочна, колеры на гербе нагадваюць пра гэта (да сённяшняга дня афіцыйныя колеры рэгіёна — белы і чырвоны). Паводле фамільнай легенды, Карл Вялікі падараваў Гербурту землі ў Венгрыі і Чэхіі за гераізм у бітвах. У геральдыцы яблык абазначае мір, адпаведна, яблык, прабіты мячамі — гэта мір, здабыты пасля войнаў. 

Хто карыстаўся гербам: Гайбовічы, Швайцэры.

Граблі

«У жоўтым полі, на зялёным узгорку, белыя граблі з сямю зубцамі, якія тырчаць проста ўгору. У шлеме над каронай пяць страусавых пёраў».

Хаця шляхціцы — браты па зброі — любілі хваліцца гераічнымі ўчынкамі продкаў на полі бою, рыцарства было цесна звязана і з зямлёй. «Граблі» — не адзіны ў нашай геральдыцы герб з выявай гаспадарчых прылад (напрыклад, «Роля», «Кушаба»). Цікава, што «Граблі» парушаюць геральдычнае правіла чаргавання, якое забараняла наносіць на шчыт два металы (золата і срэбра) адначасова. 

Паводле легенды, герб паходзіць з Багеміі. Існуе чэшскі род Грабішыц, эмблемай якога былі граблі ў розных формах — магчыма, гэтыя роды звязаныя паміж сабой. Аднак некаторыя даследчыкі лічаць, што чэшскае паходжанне — толькі байка, а назва пайшла па сугуччы ад ракі Грабіца, дзе знаходзіліся родавыя вёскі носьбітаў герба. 

Хто карыстаўся гербам: Вышынскія, Вышэнскія, Зароскія, Зароўскія, Ліпскія, Маклокі, Чарномскія.

Равіч

«На шчыце ў залатым полі на чорным мядзведзі, які ідзе, — панна ў чырвонай сукенцы, упрыгожаная залатой каронай. У кляйноце паміж двума аленевымі рагамі — палова ўздыбленага чорнага мядзведзя з чырвонай ружай у правай лапе. Намёт чырвоны, падбіты золатам».

«Равіч» — адзін з найстаражытнейшых гербаў на землях былой Рэчы Паспалітай, вядомы з пачатку XIV стагоддзя. Легенда пра герб такая: пасля смерці караля Англіі Кнута Вялікага дзяржава перайшла да яго сына — Свенона — з умовай, што Свенон забяспечыць сваёй сястры Клатыльдзе пасаг. Аднак малады кароль вырашыў аддаць сястру на з'яданне чорнаму мядзведзю, а пасаг забраць сабе. Клатыльда змагла супакоіць драпежніка і з трыумфам вярнулася ў замак верхам на спіне мядзведзя, трымаючы пояс ад сукні як лейцы. Напалоханы гэткім цудам, брат папрасіў у сястры прабачэння і вярнуў ёй скрадзеныя скарбы. Праз некаторы час прынцэса выйшла замуж за герцага Латарынгскага. Сыны Клатыльды аселі ў Польшчы, каля Равы Мазавецкай. Як вечны напамін пра цудоўнае збавенне маці, яны змясцілі на сваім гербе прынцэсу на чорным мядзведзі.  

Хто карыстаўся гербам: Ален(д)скія, Астроўскія, Аўсяныя, Банецкія, Вайцяховічы, Ваўністыя, Вольскія, Вышамірскія, Вячоры, Гаваркоўскія, Гаворкі, Галімскія, Галінскія, Гансеўскія, Ганы, Гаўдзевічы, Грудзіны, Гудзьвіловічы, Гуды, Гуткоўскія, Гутоўскія, Дамброўскія, Жакевічы, Забароўскія, Здзяхоўскія, Зямацкія, Карвоўскія, Кеневічы, Лясатовічы, Падэрні, Ракіцкія, Рацэвічы, Чэрскія, Яроцкія.

Байбуза

«У чырвоным полі накіраваная ўніз срэбная страла пранізвае галаву залатога змея, які абвіваецца вакол усёй стралы. Пад стралой тры срэбныя грыбы два над адным».

Першым гэты герб атрымаў татарын Грыбуновіч яшчэ ў 1590 годзе. Верагодна, вобраз грыбоў узнік праз сугучнасць з прозвішчам уладальніка. 

Хто карыстаўся гербам: Абразевічы, Байбуза, Бенкускія, Войнічы, Грыбуновічы, Кастравіцкія, Стрыбуновічы.

Саколя

«На зялёным шчыце жывёла, якая ідзе; пярэдняя частка яе цела, што належыць дзіку, намалявана срэбрам, а задняя палова, што належыць мядзведзю,  — чорным. Кляйнот — чорны мядзведзь, намёт зялёны зверху і срэбны знізу».

Паводле легенды, запісанай Барташам Папроцкім, невялікая каралеўская працэсія рушыла праз лес. На шляху грамада сустрэла велізарных дзіка і мядзведзя, якія біліся, не звяртаючы ўвагу на людзей навокал. Два браты вырашаюць уступіць з пачварамі ў бойку і дамаўляюцца, што старэйшы заб’е дзіка, а малодшы мядзведзя. Шэсце ўратаванае, і ў знак падзякі кароль дорыць братам герб з паўдзікам-паўмядзведзем.  

Хто карыстаўся гербам: Антаневічы, Гарэцкія.

Гісторыя
ВКЛ
Рэч Паспалітая