1 ноября 1942, Иван Мележ | Wir.by

1 ноября 1942

Иван Мележ

Иван Мележ

Гаспадыня прыйшла дамоў абураная i пачала расказваць. Выпадкова пачула яна, што ў падвале жыве жанчына з малымі дзецьмі.

Яна прыйшла, даведалася, што жанчына — жонка камісара палка. Эвакуіравалася з Масквы. Жывуць голадна, не атрымліваюць хлеба.

Картачак на хлеб не далі: дзеці, маўляў, не маюць даведкі аб нараджэнні. Дзеці — старэйшаму 9 год, малому не больш года — пакрыліся болькамі, хварэюць. Калі гаспадыня прыйшла, дапамагчы маці, тая сустрэла няветліва. Гаспадыня як магла супакоіла яе. Пайшла ў ваенкамат, зноў гэтыя спасылкі — няма даведак. Яна параіла:

«Пайшлі б, паглядзелі дзяцей, напісалі даведкі! Што яшчэ трэба!» У ваенкамаце пасварылася. Пайшла да старога знаёмага, таварыша мужа, што працуе ў жылупраўленні. Той расхваляваўся, нахмурыўся.

«Вечна ты клопаты прыносіш!» — «Што ж зробіш! Даводзіцца».— «Але што мы можам? Мы — маленькія начальнікі. Мы не маем ніякіх правоў на гэта!» Яна засмуцілася. «Ну, добра. Возьмем правы самі.

Можа быць, нас за гэта не расстраляюць? Выпішам ёй картачкі на хлеб без усялякіх даведак!» Выпісалі, атрымала хлеб, некалькі абаранкаў прынесла дзецям. Заўтра чакае ў госці дзевяцігадовага сына камісара. Чым больш прыглядаюся да горада, тым больш адкрываецца ў ім асаблівасцей яго жыцця i драм. Многія драмы яго — ад вайны, ад таго, што ўсё зрушылася з месца.

Але што асабліва здзіўляе: колькі тут, у гэтым горадзе, рознага народу адусюль, дзіўна, што ўсё гэта прытуліў маленькі такі з выгляду, амаль увесь драўляны, аднапавярховы гарадок.