Беларускі народны соннік | Wir.by
У прарочыя сны можна верыць або не верыць, але ў соннік, тым больш народны, можна зазірнуць і без мэты разблытаць пасланне ўласнай падсвядомасці. Сны можна вывучаць як частку фальклору — вынікам такой працы стала выданне «Беларускі народны соннік», якое выйшла ў 2023 годзе ў выдавецтве Gutenberg Publisher.
Разам з выдавецтвам публікем урывак «Абміранні», з якога можна даведацца, як беларусы ўяўляюць сабе жыццё пасля смерці — «той свет», і якія высновы з гэтага можна зрабіць.
Беларускі народны соннік

Беларускі народны соннік

У ХІІ ст. манах-бенедыктынец Маркус напісаў «Бачанне Тнугдала» — твор пра незвычайнае здарэнне ў жыцці сярэднявечнага рыцара (Шилай, 2011; 114). Так, у гэтым творы апісваюцца абставіны жыцця рыцара і яго матэрыяльнае становішча, раптоўная страта ім прытомнасці і праяўленне прыкмет смерці (акрамя «цяпла ў левай частцы цела»), момант вяртання да жыцця, бачанні рыцара падчас гэтага «абмірання» (аддзяленне душы, сустрэчы з Анёлам і Д’яблам, сцэны суворага пакарання грэшнікаў), а таксама якасныя пазітыўныя змены ў маральным вобліку і паводзінах рыцара пасля (Шор, 1936; 32–40). Такім чынам, гісторыя бытавання феномену «абміранняў», яго фігуравання ў літаратуры, выкарыстання ў якасці настаўлення для слухачоў даволі працяглая.Беларуская народная проза знаёміць нас з падобнымі немастацкімі відамі тэкстаў. У іх таксама апісваецца страта чалавекам прыкмет жыцця на некаторы час і, што галоўнае, перажыванне ім вопыту «вандроўкі» ў «іншы» свет, «кантакту» з яго насельнікамі.

Мацвеева Любоў Іванаўна, 1935 г. н., в. Баркалабава, Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць; зап. Валодзіна Т. В. 2013 г

Прычым інфармант падкрэслівае адрознасць гэтага феномену ад звычайнага сну: «Эта ня сны, эта такоя па Божай волі, ілі как яно».

Праблема тэрміналогіі і наймення гэтага стану можа стаць прадметам асобнага даследавання, але, улічваючы прыкметы «абмірання», даволі справядліва, што многія даследчыкі ставяць гэтую з’яву ў адзін шэраг з летаргічным сном (Лурье, Тарабукина, 1994; 22). З’ява летаргіі і працяглых абміранняў даволі рэдкая, незвычайная, таму абавязкова ўваходзіць у фальклорны ўніверсум; часта на стадыі інтэрв’ю аповед пра абміранне адбываецца ўжо не ад першай асобы, а як пераказ чужога вопыту — рэальны ўспамін паступова пераўтвараецца ў міфалагічны аповед, былічку ці бывальшчыну.

Летаргія — ад грэч. «lethe» — забыццё і «argos» — нядзейны. Летаргічны сон — хваравіты сон, які доўжыцца дні ці тыдні, прычым падчас моц­най ступені летаргіі знікаюць усялякія прыкметы жыцця. Пад летаргічным сном маюць на ўвазе паталагічны хворы стан чалавека з аслабленымі праявамі жыццядзейнасці, які суправаджаецца нерухомасцю, значным зніжэннем паказчыкаў абмену рэчываў і адсутнасцю рэакцый на розныя раздражняльнікі. Сучасная медыцынская практыка ставіць пад сумнеў выкарыстанне дадзенага тэрміну, але ў мастацкай літаратуры і паўсядзённым жыцці ён мае шырокае распаўсюджанне.

Структурна наратывы пра летаргічны сон нагадваюць крыху аповеды пра сны-падарожжы на «той» свет: апісваецца сітуацыя «абмірання» і «абуджэння», рэакцыі сваякоў на тое, што здарылася, які час чалавек правёў у такім стане, пераказ убачанага на «тым» свеце, аповед пра тое, як паўплывала незвычайная з’ява на далейшае жыццё чалавека (Лурье, Тарабукина, 1994; 22). Таксама суправаджае падарожніка на «той» свет «праваднік», існуе своеасаблівы этыкет паводзін для візіянера, апісваецца напаўненне і сістэма ўладкавання «іншасвету», паказваюцца пакаранні грэшнікаў, «пасмяротны быт» людзей. Фалькларысты адзначаюць некаторыя стылістычныя і вобразныя адрозненні ў дадзеных катэгорыях тэкстаў (напрыклад, у агульнаславянскім кантэксце Я. У. Сафронаў заўважае, што тэксты «абміранняў» у большай ступені звязаныя з кананічнымі рэлігійнымі ўяўленнямі і ў меншай — з традыцыйнымі міфалагічнымі ўяўленнямі (Сафронов, 2016; 32)). Як і ў выпадку сноў пра «іншасвет», пасля «абмірання» чалавек можа вырашыць не распавядаць нікому атрыманую падчас «візіту» інфармацыю. Але ж калі візіянер дзеліцца бачаным з слухачамі, аповед выконвае важную павучальную функцыю.Любая хвароба, па сутнасці, азначае адхіленне ад нармальнага стану, гармоніі, раўнавагі, таму занадта працяглы сон, «абміранне», на першы погляд, можа трапляць пад азначэнне «хвароба». Але ж камунікатыўныя сітуацыі ў полі дазваляюць меркаваць, што статус гэтага феномену неадназначны. Пытанне «як магчыма вылечыць «абміранне»?» часцей за ўсё застаецца адкрытым: зафіксаваныя адзінкавыя рэдкія практыкі, з’ява характарызуецца як стыхійная і непадкантрольная, падкрэсліваецца пачуццё бездапаможнасці родных абміральніка. Сярод з’яў-трыгераў, што справакавалі дадзены феномен, можа ўказвацца цяжкая хвароба, роды, атручванне, стрэсавая сітуацыя, матывацыя сакральных істот у дачыненні да асобы візіянера. Шэраг запісаў паказвае на тое, што выяўнай прычыны для абмірання можа і не быць.Такія візіі добра характарызуюць асаблівасці народнай філасофіі, выступаюць інструментам настаўлення для слухачоў, бо яскрава малююць у «іншасвеце» формы «ідэальнага» і «неідэальнага» існавання.

2130 Жэншчына расказывала, што заснула сьмертным сном, як бы на «тым» сьвеце была. І вынесьлі яе дажа ў морг. І яна там сьніла, што там сонца сьвеціць, і цьвяты, такая радасьць, рай. А тады ачнулася і рятункі стала крічаць. І тады папрібеглі людзі, і занясьлі ў бальніцу, і яшчэ яна жыла гадоў пяць. (Гарадоцкі раён) (БМС)

2131А можа хто расказваў, як на «той» свет трапіў? — Мне адна баба расказвала, пра сон. Дык яна казала, яе сястра спала, доўга спала, і была там, на «тым» свеце, усё абхадзіла, агледзела. Дзеўкай была. Дзеўка вадзіла, такая красівая дзеўка была, усё паказала. Вот яна запраціла ёй хадзіць, еслі поле засеяна, то нельзя праз яго хадзіць. Гэта грэх. Павяла яе, вадзіла бальшое, як дом які, на абедзьве стараны дзверы. Каля аднэй дзверы стаяць жэншчыны, усе стаяць, стаяць, стаяць у радочак. І яна гавора: «Гэта жэншчыны стаяць, што дзеці нехрышчоныя памёрлі, нехрышчоныя дзеці памёрлі, дык гэта іх мацеры ўжо ахраняюць». А там яшчэ дзверы былі. І там нешта ў вадзе плёхаецца, у вадзе боўтаецца там. А гэта гавора: «Тут каторыя аборт дзелаюць». Гэта комната цёмная, такое гэта. А тады дзверы адкрыла, а там дзеці красівыя гуляюць, убраныя. Гэта дзеці, якія паўміралі. Усё гэта дзеўка тая ёй паказала. А тады гавора: «Павіла яе маці, якая памёрла, і калі не заплачаш, яна папрасіла ўва сне, пакажу. А калі заплачаш — не». Дык яна кажа, што не заплачу, але заплакала. І плача цяпер, слёзы льюцца. Тады яна на дзесяты ці адзінаццаты дзень праснулася тая баба. І, — кажа, — што як села на каня, на каня села, і тады ехала, ехала, і конь у рацэ тоне, тоне, і я з ім. І тады рукамі ўзмахнула, як змахнула рукамі — тады і праснулася. А цяпер пасля таго вочы слязяцца. — А чаго яна расплакалася, што маці ўвідзела? — Бо яна там у смале кіпела, у чэм-та кіпела і ёй дужа жалка стала — яна і заплакала. А яна ей сказала, каб тая не плакала. — А яна расказала, што дом вялікі ці сад? — Дом, дом вялікі. І на адну сторану дзверы і на другую. (Барысаўскі раён) (АЕА)

2132А ці было ў вас такое, як нехта заснуў і быў на тым свеце быў? — Яна абмёрла, гэта маладзіца. Ляжыць і ляжыць, і на трэцьція суткі яна прачнулася. І расказвае: «Была на «тым» свеце, мяне татка мой усюды павадзіў. Там жа і сады цвітуць, і прыбратыя людзі. Чаго там толькі… І тады павёў мяне татка, — гавора, — а там такая чорная яма: там так пялешчуцца там тыя дзеткі, што аборт дзелаюць». Яна расказвала адной бабе: «Там красіва, дужа красіва, чысьценька, усе сядзяць, іграюць. Сады цвітуць, так, як у нас. Мяне татка павадзіў, — кажа, — я ўжо на «тым» свеце пабыла, цяпер не баюся». (Кармянскі раён)(БанНС)

2144 Медзічка была запіла, дажа ат яе ўсе атвярнуліся, і яна лежала ў рэанімацыі. «Ляжу, — гаворыць, — ілі я спала, ілі не спала, не знаю, іду я па калідору, не іду, а паўзу, бо ногі ж балелі, ляжала. А калідор такі длінны, што сьвет толькі ў канцы відны. І я з такой цяжасцю паўзу. І чую нехта на плечы мне налёг. I шагі такія лопаюць, як аб асфальт, па таму калідору. Я паўзла, паўзла і думаю: «Я ўсе адно дапаўзу да «таго» сьвета». Прыпаўзаю. Сядзіць дзядок сівенькі, над ім такая кніга. Я туды глянула, аж там як бацюшка адзяецца ў празьнік вялікі ў шапках у этых. Жэншчыны, — гаворыць, — красівенна панадзяваны, мужчыны. Сады цывітуць, лісьця, не расказаць, якая красата. «Што, — гаворыць, — сюда хочаш?» — «Да, хочу». — «Цебе ешчэ рана». — «А пачаму?» — «Табе нада вярнуцца назад». Я глядзь направа, аж ляжаць рвацьця. «А што гэта?» — «Еш, эта тое, што ты піла». — «Я, — гаворыць, — лепш умру, а гэта піць ня буду». — «Дык кайся. Вот вярнісь, штоб ты ў Раждзяство была ў храме». Багата вапросаў ей задаваў: «Ты міласьціну якую давала?» — «Да, давала». — «Міласьціна важней усяго». А сама думаю, а што я давала? Я ж нічога не давала. Кроў толькі здавала. «Я, — гаворыць, — была донарам». — «А сколькі разоў здавала?» — «А я не знаю». — «Січас пасмотрым». Разгортывае кнігу совесьці, а яна во такая во. «24 разы ты здала кроў». І сколькі я работала, пры мне ўмер толькі адзін мальчык, і то не па маей віне. Устала. А кніга во такая, усё запісана. І добрыя дзела і плахія. Устала і кажа: «Ногі мае не баляць. Дай папробую іці». І пашла. А яна ўжо ўмірала, у рэанімацыі была. Ачуняла. (Лоеўскі раён) (Трад. маст. культ, 2013, 830)

2153 Раскажу я табе чуда, якое расказаў мне баця. Ты хочыш — павер, хочыш — не. Зажытачны мужык жыў. Сын у яго на гармоніку іграў, дзяўчына была ў дзярэўні другой. І што ты думаеш. Ён засыпаіць гэтым сном легартычным, засыпае на трое сутак. Адзін у бацькоў. Слухай, і што ты думаеш, хароніць гэты зажытачны бацька сына. Багата адзелі, усяго там паклалі. Пахаранілі. А раньшэ тожэ эці жулікі былі. Прышлі ноччы адкапываць яго. Адкапалі, аднялі гроб, а ён і паднімаецца ў гэта ўрэмя. Іх пуляй з тэй ямы вынесла. А ён глядзіць, што чыста адзеты, думаець: «Чуда! Чаго мяне ў гроб палажылі?» І што ты думаеш. Прыходзіць дамоў, стукаіць ноччы бацьку: «Адчыні, бацька, гэта я прыйшоў». А той гаворыць: «Ты што дурны, б***? Я цябе днём пахаваў, а ты ноччы прыходзіш». «Раз так, — кажыць малец, — выкінь мне мой гармонік». Той адкрываіць акно і ў палісаднік гэты гармонік <кідае>. Ён заіграў і пайшоў к дзеўцы. А дзеўка пусьціла, панімаеш. І што ты думаеш, ён аб’яўленьні пісаў па ўсіх валасьцях, не обласьці былі, а воласьці, хто яго адкапаў — на ўсю жызьнь дам <грошай>. І ніхто не прызнаўся, панімаеш. А гэта быў случай. (Ушацкі раён) (Лобач, Філіпенка, 2006, 291)

Спіс інфармантаў для палявых матэрыялаў

БМС — Багданава Марыя Сцяпанаўна, 1934 г. н., г. Гарадок; зап. Валодзіна Т. В. і Лобач У. А. у 2011 г.

АЕА — Антонава Ева Аляксееўна, 1928 г. н., в. Баяры, Барысаўскі раён; зап. Валодзіна Т. В. і Лобач У. А. у 2008 г.

БанНС — Бандарэнка Надзея Сідараўна, 1926 г. н., в. Каменка, Кармянскі раён; зап. Валодзіна Т. В. і Кухаронак Т. І. у 2009 г

Cпіс выкарыстаных крыніц

Денков, В. На грани жизни / пер. с болг. И. М. Сабуровой. — М. : «Знание», 1988. — С. 99.

Лурье, М. Л., Тарабукина, А. В. Странствия души по тому свету в русских обмираниях / М. Л. Лурье, А. В. Тарабукина // Живая старина. — 1994. — № 2. — С. 22–26.

Небыков, А. А. Летаргический сон и успение до конца времен как основы сюжета и содержания в художественных произведениях / Антропология сновидений: сборник научных статей по материалам конференции / сост., отв. ред. А. А. Лазарева. — М. : РГГУ, 2021 — С. 219–225.

Сафронов, 2016 — Сафронов, Е. В. Сновидения в традиционной культуре : исследование и тексты / Е. В. Сафронов. — М. : Лабиринт, 2016. — 544 с.

Словарь иностранных слов, вошедших в состав русского языка». Чудинов А. Н., 1910

Шилай, О. В. Пространная и краткая латинские версии «Видения Тнугдала» с точки зрения источниковедения / О. В. Шилай // Лістападаўскія сустрэчы-8 : зб. арт. па матэрыялах Міжнар. навук. канф. у гонар акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава / навук. рэд. В. А. Фядосік, І. А. Еўтухоў. — Мінск : БДУ, 2011. — С. 114–117. — [Электронны рэсурс] : http:/www. elib.bsu.by.

Хрестоматия по западноевропейской литературе : Литература средних веков, ІХ–XVI вв. / сост. Р. О. Шор. — Москва : Учпедгиз, 1936. — 528 с.