1 апреля 1900
Алесь Адамович
Што «Вайна пад стрэхамі» – працяг усё той жа грамадзянскай, распачатай у 17-м, гэтая здагадка ў самой назве раману закадаваная. Але, вядома, не разгорнута.
Як гэта мы робім сёньня, зьвяртаючыся да тых падзеяў.
I я ўжо ў стане на падзеі паглядзець вачыма і іншай сям'і, Пагоцкіх-Жыгоцкіх. Іх сына, старэйшага (лейтэнанта ці нават вышэй па званьню) забралі ў 37-м. А раней – раскідалі моцную іх гаспадарку. Не саслалі, а толькі абкарналі іх зямлю, аб якасьці, урадлівасьці якой выразна сьведчылі магутныя дубы, што сьцяной крыху воддаль стаялі (дрэва гэтае на беднай глебе не расьце), не раскулачылі іх толькі таму, мабыць, што жылі ня ў вёсцы, а ў рабочым пасёлку. (Ня ўсіх адразу.) I вось на самым «жытнёвым» канцы іх поля пачалі будаваць бальніцу. А доктар гэтай новазбудаванай бальніцы – іх кватарант. Мабыць, характар у старой быў шкодны. Сам Пагоцкі, не-не дый загаворыць, здаралася, пра жонку сваю зь нечаканай нянавісьцю і сорамам. Але зірніце, якой д'ябальскай сумесьсю, кіслатой палівалі душы людзей. Жонка доктара, якая «замахнулася» на дабро Пагоцкай (наша мама) – сама з раскулачанай сям'і, як тут устрымацца старой і не нагадаць кватарантам-акупантам пра гэта? 3 радасным крыкам разносіла навіну, калі даляцела да Глушы, што сям'ю доктаркі саслалі: «Цяпер і вы паенчыце!»
У галовах нашага насельніцтва панаваў дзікі кавардак ад усіх падзеяў. Я ў вайну ня раз чуў, як заводзкія паліцаі з гарачлівасьцю даваенных актывістаў лаялі «кулакоў», «куркулёў» вясковых. Дзе, як не ў падвалах НКВД, ішлі рэпэтыцыі, браліся ўрокі таго, што вычваралі потым «нашы людзі» ўжо ў падвалах нямецкіх «службаў бясьпекі», СД і гестапа? Ну, а вышукваць, знаходзіць і сыгналізаваць аб «ворагах» (сёньня – контр-рэвалюцыянэрах, «кулаках», заўтра – камуністах, габрэях, партызанах), гэта проста-ткі ўбівалася ў людзей.
Столькі гадоў.