11 июня 1942
Иван Мележ
Еду следам за Галецкім з шафёрамі i бензінам. У кузаве абвявае ласкавы ветрык, па баках праходзяць шырокія палі, зялёныя вёсачкі. Зноў Чырвоны Ліман, Крамяная. Едзем уздоўж лініі фронту.. Калі імчым па дарозе на А., абрысы высокага, крутога лясістага берага на тым баку Данца такія яркія i выразныя, што здзіўляешся, чаму яны маўкліва праводзяць нашу машыну. (Успамінаю, як ля Дняпра мы падбівалі на тым беразе машыны i нават матацыклы!) У лесе там: нешта гарыць. На вуліцах Ч. Лімана паранейшаму рвуцца снарады.
Аднак чыгунка ў Лімане працуе. Станцыя, прыгожая станцыя разбурана, але ў начной цемры, крадучыся, употай прыходзяць і адыходзяць цягнікі на Дробышава, Святагорск. Цягнікі (эшалоны) часам трапляюць пад агонь: на тым беразе немцам, мусіць, чутны ix шум...
Адсюль добра відаць помнік Арцёму — высокая, магутная фігура над кручай берага,— яна ўзнімаецца над дрэвамі. Унізе ля берага славутыя купалы Святагорскага манастыра. Там — немцы. А тут — у Святагорскімі санаторыі — нашы. Мімаволі хочацца ўсміхнуцца, калі ўспомніш, што Данец у гэтым месцы быў даволі шумным: тут з песнямі i смехам каталіся адпачываючыя. Хто, пабываўшы ў Святагорску, не прывёз дамоў фотакарткі — лодка па беразе Д., у ёй гаспадар у лёгкім, белым касцюмчыку, a ўдалечыні, на тым беразе — абрысы манастыра.
Начуем у Рубежным.