12 марта 1982
Владимир Короткевич
Мокрыя дахі, нізкае неба. Начны снег раніцаю ляжаў толькі сцежачкамі між дрэў, там, дзе не ходзяць і не ездзяць. Амаль два градусы цеплыні. Скончыў урэшце хроніку Бітэля. Чужое, а выдаваць трэба. Ва ўсякім разе, трэба паспрабаваць. І сёння яшчэ зноў нялюбая праца: эсэ, вычытка перакладу і інш. Ну ўжо скончу, а там…
Хімік Куртуа, якому кошка перакуліла рэактывы, гуляючы, і атрымаўся ёд. Крысталы ёду трапілі ў спірт. Вывад: трымайце ў лабараторыях і кабінетах катоў. А раптам адарве непатрэбны канец рамана і выявіцца якраз у меру, г. зн. геніяльна.