3 ноября 1942, Иван Мележ | Wir.by

3 ноября 1942

Иван Мележ

Иван Мележ

Недзе завірухі ў полі, i баі, i смерць, а тут жыццё сваё. Я ўсё ўснамінаю вечар танцаў. Танцы былі ў Доме настаўніка, дом гэты на беразе рэчкі. Зала, даволі прасторная, была поўная народу, галоўным чынам, дзяўчат ці маладых жанчын. Было некалькі i мужчын, два-тры лейтэнанты з малінавымі пятліцамі, некалькі курсантаў-лётчыкаў.

Амаль безупынна грымела i хрыпела радыёла, i пары кружыліся, здаецца, забыўшыся на ўсё на свеце. Нейкі малады хлопец спяваў з эстрады: «Не говори, я знаю все, что ты мне скажешь... В жизни все пройдет, все позабудется...» Здавалася, што ўсё гэта адбываецца ў хмелі. Хмельныя ўсмешкі, хмельныя позіркі. А можа, гэта я захмялеў з непрывычкі, бачачы гэта, быццам з іншага жыцця.

Кажуць, танцы тут кожную суботу i нядзелю. I народу заўсёды поўна.