22 мая 1942, Иван Мележ | Wir.by

22 мая 1942

Иван Мележ

Иван Мележ

Дванаццаты месяц вайны. У першыя дні казалі: такая разбуральная вайна можа цягнуцца толькі адзін-два месяцы. Аднак вось пасля 11 месяцаў мы бачым: вайна не толькі не ідзе на спад, a робіцца ўсё больш бязлітаснай. Вораг гатовы пайсці на ўсё, толькі не на капітуляцыю. Прывід паражэння яго, прывід расплаты за яго злачынствы ўсё больш выразна акрэсліваецца перад ім. Але забойца здатны на ўсё, толькі б утрымацца на краі бездані. Ён загіне, але загіне не адзін, у сваім імкненні панаваць ён пастараецца пацягнуць з сабой усё, што можа. Як камень, што сарваўся з гары. Многія з нас — каменьчыкі гэтай гары — нашай радзімы — стануць ахвярамі.

Вайна будзе доўгай, непрымірымай, кровапралітнай. Вайна на смерць за жыццё, вайна да таго часу, пакуль рукі маюць сілу, а вочы бачаць зямлю.

Жывем у лесе. Размясціліся ў цені густых хвой на жоўтых іголках. Між дрэў пад палаткамі стукаюць машынкі, на чамаданах, складзеных як сталы, сядзяць штабісты. Здалёк даносіцца вурчанне батарэй. ІІахне смалой, уверсе шуміць вецер.