11 октября 1944, Кузьма Чорный | Wir.by

11 октября 1944

Кузьма Чорный

Кузьма Чорный

Сёння многа і, здаецца, добра пісаў. 7 кастрычніка заходзіла да мяне не вядомая мне дагэтуль Марыля Шутовіч з Вільні, жонка ксяндза Адама Станкевіча. Яна прыехала ў Менск, каб дайсці тут якое-небудзь рады: віленск[і] біскуп, пілсудчык Ялжбыкоўскі садзіць усюды па Беларусі на парафіі палякаў ксяндзоў, якія і прапаведуюць з амбоняў, што ўсе беларусы каталікі ёсць чыстыя палякі. Гэтая жанчына вельмі прыемная асоба, тыповая яшчэ нашаніўка. Да мяне прышла з просьбай надаць усяму гэтаму не рэлігійны, а палітычна-нацыянальны характар і так падаць у адпаведныя рэспубліканскія органы.

Прыехаў з Вільні мастак Сергіевіч. Мілы чалавек і з вялікім талентам. Заходзіць часта. Пражыўшы з маленства і дагэтуль на Заходняй Беларусі, ён у нас аніяк не можа арыентавацца. Шукае падтрымкі і парад. Гэта нацыянальны мастак, поўны як мае быць.