20 декабря 1941
Иван Мележ
Ціха. Бялеюць у вачах прасціны, белыя адзенні хворых. Хворых — тры чалавекі. За акном павольна ідзе абоз. Ціха, кружачыся, падае снег. Там таксама бела. А недзе грыміць кананада, хмарамі рушаць войскі. Нашы ўзялі Ялец, Ціхвін, Калінін, фронт рушыць на захад.
Надзеі спраўджваюцца. Светлыя мары, белыя як снег за акном, плывуць у галаве. Добра было б дажыць да перамогі. Колькі тады будзе мне работы! Ёсць аб чым расказаць, я так многа перажыў i пабачыў. Адразу пасля вайны засяду за апавяданні i аповесці, толькі б... А перамога набліжаецца.
Оля здзівілася, калі даведалася пра мой год нараджэння. Вы, кажа, па выгляду значна старэйшы — i наогул, па вашых учынках.