13 декабря 1942
Иван Мележ
На Цэнтр. фронце нашы замацаваліся на захопленых рубяжах. А на Каўказе баі ідуць у раёне Маздока...
Ліда расказвала сон. Прыйшла паштоўка з малюнкам — бурлівае мора i бервяно разбітага карабля на хвалях. На другім баку — неразборлівыя хісцкія літары. Амаль нельга прачытаць. Відаць, цяжка пісаць было гэтае пісьмо. Почырк Валодзі. «Вось я гіну... Бачыш, як усё выходзіць, як усе нашы мары. Бывай». Яна ўвесь дзень ходзіць пад уражаннем сну. Сёння паўтара года з таго часу, як ён паехаў. Яны сядзелі побач на парце ў 10 класе. Ён быў слабы ў матэматыцы і, калі рыхтаваліся да іспытаў, прыязджаў да яе. Яна дапамагала яму.
Пазаймаўшыся, стаміўшыся, яны ехалі за горад. Потым, калі здалі іспыты, ён прыязджаў па-ранейшаму, разам бадзяліся па палях, па лясах. Аднойчы ў чыстым касцюмчыку ён узлез на дрэва, што навісла над ракой, i зваліўся ў ваду. Вылез з вады мокры. Яна смяялася з яго.
Неяк ён не прыйшоў раніцай. На наступны дзень прыбыў з забінтаванай галавой. Аказалася: на дарозе да яе яму раптам захацелася праехацца па бервяне цераз канаву. Веласіпед саслізнуў, i ён зваліўся,
пабіўся, пакалоўся. Ён быў майстар на выдумкі. Аднойчы ў дажджлівы дзень ён вымак, запэцкаўся. Прыехаўшы, убачыў на двары бочку з вадой і, не думаючы доўга, скочыў у яе,— вады было па пояс.
Вымыў штаны, пінжак i явіўся ў хату. Энергія, жыццё білі ў кожным яго ўчынку. Прайшоў час, i яна зразумела, як любіла яго. Цяпер ён самы блізкі ёй чалавек. Але яго не вярнуць.