21 августа 1944, Кузьма Чорный | Wir.by

21 августа 1944

Кузьма Чорный

Кузьма Чорный

Няшчасны і мілы Фінкель, жыве ў «Якары» на чацвёртым паверху ў агульным нумары. Ён пісьменнік і вучоны. За час вайны ў яго памерла з голаду двое дзяцей. На тым жа паверху ўсю зіму займала асобны нумар мадам Дадзіёмава, цяперашні цэнзар над усім друкам БССР. Да вайны яна з году ў год была ў такім чыне: «намеснік начальніка ўпраўлення справаў мастацтваў пры Саўнаркоме БССР». Самай важнай адзнакай гэтай установы была тая, што ў ёй ніколі, за год дзесяць, не было сказана ніводнага беларускага слова. А беларускае мастацтва было тым пунктам, навокал якога збіраліся сотні прайдзісветаў ваяваць за медалі і ордэны. Такім парадкам ішло спустошанне мастацтва і з яго выветрывалася душа народа. Дадзіёмава не з гэтага вядомая асоба. Яна вядомая з іншага. Гэта хітрая і спекулянцістая местачковая жыдоўка, якая дасягнула немалое пасады ў рэспубліцы. Яна сябра партыі. Але яна плюе на ўсё. У партыйнасці яна бачыць не ідэю, а і кар'еру. У іншых умовах яна ўладала б мануфактурным магазінам. Яна некультурная і нават непісьменная (па-беларуску яна чытае дрэнна і зусім не ўмее пісаць). Яна адцуралася свае нацыянальнае жыдоўскае культуры і асіміліравалася. Куды? Вядома, як і кожны паразіт, яна ішла на гатовае. Працэс асіміляцыі ішоў у гатовую ўжо вялікую расейскую культуру. Але яе прырода не дазваляе так адразу асімілявацца. Яна гаворыць па-расейску так, што трэба смяяцца. Да якой жа культуры яна належыць? Да жыдоўскай? Не. Да расейскай? Не. Да беларускай? Не. Яна выраклася жыдоўскай культуры, імкнецца і не дайшла да расейскай і стараецца мець высокую пасаду пры беларускай. Навадняючы беларускія ўстановы, Дадзіёмава выгнала з іх беларускую мову. А цяпер, бачачы, што як бы дзьме беларускі вецер, яна, цэнзар, калечыць сваім алавіком мову беларускай літаратуры, думаючы гэтым паказаць начальству, што яна і ведае беларускую мову і займаецца ёю. Начальства гэтае (скажам, Гарбунова) лёгка ашукаць, бо яно само беларускае мовы не ведае і ніколі блізка ля яе не ходзіць. Усе гэтыя дні я чакаю: ці зніме П. Дадзіёмаву з пасады цэнзара, ці не? Калі не, дык - каму ж верыць і дзе шукаць ратунку?

А ўрэшце - аб чым думаць? Усё гэта глупства, не вартае пяра. Самае важнае - маё пяро і раманы. Пакуль жыву - дзяўбу пяром камень. Пяро трывалае.