1 марта 1942, Иван Мележ | Wir.by

1 марта 1942

Иван Мележ

Иван Мележ

На вуліцы – вясна. Удзень прыгравае сонца, растае снег. Па вуліцы бягуць ручайкі, i сонца веснавое плешчацца ў ix, як дзіця. Але ноччу яшчэ трымаюцца маразы. Раніцай зямля цвёрдая, звініць, як чыгун.

Заўтра пачынаюцца планавыя заняткі. Увесь мінулы час нас ганялі з аднаго аддзялення ў другое, з аднаго ўзвода ў другі, некалькі разоў мянялі пакоі i вінтоўкі. Сёння ў нас за камандзіра аддзялення Осіпаў. Ён прыйшоў з нарады ў камандзіра роты. Выпраўка, знешні выгляд, прывітанні, дакладнае выкананне загадаў камандзіраў аддзяленняў i ўзводаў. Вось словы, якіх найбольш у яго інфармацыі. Пасля фронту нам гэта здаецца непатрэбным, штучным. Я думаю пра форму нашых адносін. На фронце, у баявой, гарачай працы, гэтыя адносіны прасцей, шчырэй, натуральней, чалавечней. «Вінаватае» ў гэтым, відаць, само франтавое жыццё, дзе камандзір любіць байца за дапамогу, смеласць, адданасць, а баец камандзіра за кіраванне, розум, чуласць. Франтавое жыццё не церпіць фармалістаў, самадураў, яны на фронце ці перавыхоўваюцца, ці маладушнічаюць, ператвараючыся ў нікчэмныя стварэнні. А тут глеба вельмі ўраджайная на бюракратаў, бяздушных фармалістаў i інш. I гэтае пустазелле не праполваецца, нават, наадварот, клімат ім спрыяе. Я гутарыў з палітруком, пазнаёміўся з камандзірамі, i мне здаецца, што вучоба можа пайсці ў атмасферы дружбы, шчырасці, свядомай дысцыпліны. Дыхаць будзе легка, хоць работы наперадзе многа.

Некалькі эпізодаў з учарашняга дня. Назначылі камандзірам аддзялення Смірнова («белая шапка»). Смірноў праводзіў заняткі па страявой. «Хлопцы, давайце пап'ём бражкі». Павёў аддзяленне ў горад. «А ці не засыплемся мы?» – нехта непакоіцца. «Я камандзір, я адказваю», – смяецца: «Хе-хе». Прывёў, выстраіў аддзяленне ў чаргу.

Папілі, прыйшлі над канец заняткаў. На страявой, калі вучыліся вітаць, ён скамандаваў: «Смірна, раўненне налева!», а злева – жанчына. Сам засмяяўся сваім асаблівым, шчырым смехам – хе-хе. Так заўсёды – весела з ім жыць, вучыцца. Так лягчэй справа ідзе, спарней. Калі хто чужы падыдзе – як «секанём» страявым, любата!

Ага, забыў. Хлопцы вырашылі па-ранейшаму між сабой быць на ты, статуту прытрымлівацца толькі ў прысутнасці начальства.