22 июня 1942, Иван Мележ | Wir.by

22 июня 1942

Иван Мележ

Иван Мележ

Растоў. Шпіталь. Другія суткі ляжy на спіне. Рука прывязана да ложка. Не магу павярнуцца. Ніколі не думаў, што гэта так цяжка — двое сутак ляжаць нерухома. Самае вялікае шчасце, якое мне малюе ўяўленне,— гэта павярнуцца на бок i ляжаць на баку, толькі не на спіне. Другія суткі нічога не ем, нічога не хачу есці. Пажылая сястра рада падаць мне ўсё, каб я мог падсілкавацца, але я адмаўляюся. Мне толькі хочацца піць, i я п'ю, часта, многа, прагна. П'ю журавінавы квас — з вялікай ахвотаю. Без намагання піў раствор англійскай солі.

Жую таблеткі стрэптацыду, якія ем дзесяткамі. Гэта, каб не было гангрэны. Учора зрабілі аперацыю. Кажуць, адрэзана галоўка, шыйка правай плечавай касці, адростак лапаткі i частка ключыцы. Але гэта не ўсё. Мне трэба быць гатовым на большае. Урач Антонаў, галоўны ўрач шніталя, шчыра кажа, што можа пачацца гангрэна i тады руку прыйдзецца ампутаваць. Я даю згоду. На фронце я амаль увесь час жыў пад пагрозай усякіх страшных нечаканасцей, я звык гатовым быць да ўсяго. Я думаў, што магу быць забіты, магу страціць абедзве нагі, абедзве рукі — усялякі, хто глядзеў у вочы смерці, ведае гэта, таму я без вагання, вельмі легка, можа быць, легкадумна даю згоду адрэзаць руку. Урач кажа, што ён зробіць усё, каб руку зберагчы, пойдзе на рызыку. «Рука ўсё ж трэба хлопцу!» — жартуе ён. Усе гэтыя дні праходзяць у чаканні — будзе гангрэна ці не, будзе рука ці не.

Сёння i заўтра гэта яшчэ не вырашыцца. Будуць адно рабіць усё, каб зберагчы руку. Урачы амаль не адыходзяць ад мяне.

Я ляжу адзін у палаце. Круглыя суткі сястра сядзіць ля майго ложка, я стагну ад болю i ад стомы. Двое сутак я зусім не спаў.