Канец прыўкраснай эпохі | Wir.by
Пра тое, як эпоха застою паўплывала на экранізацыі твораў Купалы і Быкава, і пры чым тут Заходні Берлін
Канец прыўкраснай эпохі
baravik
Мікіта Баравік

Канец прыўкраснай эпохі

Беларускае кіно
Гэта 4 частка цыкла
Беларускае кіно
1. Зараджэнне: Прастытутка і Свінапас
2. Партызаны. Паравозы. Рабінзоны
3. Эпоха экранізацый
4. Канец прыўкраснай эпохі
5. Канец сямідзясятых
6. Палеская хроніка
7. Перабудова
8. Дзевяностыя

Перыяд стагнацыі савецкай эканомікі 1970–80-х гг. адзначаўся застоем і ў развіцці беларускага кінематографу. Колькасць выпушчаных стужак, як, зрэшты, і цікавых мастацкіх рашэнняў, змяншалася, але традыцыя экранізацыі літаратурных твораў канчаткова не перарвалася. Аднак у адрозненне ад папярэдняга дзесяцігоддзя, у некаторых фільмах гэтай эпохі не прасочвалася непасрэдная сувязь з літаратурным сюжэтам, многія творы здымаліся «‎па матывах».

Сцэнарыст Ю. Лакербай і рэжысёр В. Рубінчык, стваральнікі фільма «‎Магіла льва» (1971), усяляк пазбягалі асацыяцыі сваёй карціны з аднайменнай паэмай Янкі Купалы, замест гэтага спасылаючыся на народныя легенды. Але і назва, і галоўная лінія паэмы, адлюстраваная ў стужцы, сведчылі пра адваротнае. Праз няўдалыя спробы ўпісаць у фільм сацыяльныя канфлікты – ажно да панскага прыгнёту сялян, – ён атрымаўся эклектычным па змесце і форме. Гэтак адбылося і з экранізацыяй драмы «‎Раскіданае гняздо», знятай у 1981 годзе тэатральным рэжысёрам Б. Луцэнкам, які шмат у чым адступіў ад літаратурнай асновы.

814751.jpgКадр з фільма «‎Магіла льва»

У 1970-я гг. прадпрымаліся і іншыя спробы ўвасаблення літаратурных твораў у кіно – правакацыйныя. В. Тураў, што ў мінулым дзесяцігоддзі здабыў славу найбольш смелага беларускага рэжысёра карцінамі «‎Праз могілкі» і «‎Я родам з дзяцінства», сваёй стужкай «‎Нядзельная ноч» (1976), знятай паводле п’есы А. Петрашкевіча «‎Трывога», узняў праблему вясковага алкагалізму. Паказаўшы інтэрнатаўскіх дзяцей з псіхічнымі разладамі, рэжысёр спалучыў мастацкія і дакументальныя сцэны, тым самым стварыўшы своеасаблівы ачышчальны эфект. Да таго ж фільм «‎Нядзельная ноч» быў рызыкоўным яшчэ і таму, што ва ўмовах панавання сацыялістычнага рэалізму крытыкаваў бюракратызм, завастраў сацыяльную несправядлівасць савецкай рэчаіснасці. У 1977 годзе стужка была ўзнагароджана на Усесаюзным кінафестывалі за рэжысуру.

Кінематаграфічнае пераасэнсаванне аповесці В. Быкава «‎Сотнікаў» адбылося ў 1976 годзе ў карціне Л. Шапіцька «‎Узыходжанне». Падчас кастынгу асістэнты абапіраліся на вобраз Ісуса Хрыста, калі выбіралі акцёра на ролю Сотнікава (яе выканаў Б. Плотнікаў).

fmt_114_24_kadrizfilmavoshozhdeniesssr1976_d_850.jpgКадр з фільма «‎Узыходжанне» (у ролі Сотнікава – Б. Плотнікаў, Рыбака – У. Гасцюхін)

Выключнай у беларускім кіно стала фінальная сцэна – узыходжанне Сотнікава на ўласную галгофу. Фільм доўга лічыўся небяспечным, нават ішла гаворка пра яго забарону, і толькі асабістае ўмяшанне П. Машэрава дазволіла карціне выйсці да публікі. Сама рэжысёрка, якая падчас здымак свайго апошняга фільму цяжка хварэла, прызнавалася:

Восхождение. Последнее интервью Ларисы Шепитько // Литературное обозрение. 1979. № 9. С. 103.

«‎‎[Гэту гісторыю я бачу] толькі як гісторыю пра сябе. Пра чалавека, які па волі лёсу мог быць народжаным на 30 гадоў раней, які трапіў у вядомую ўсім трагічную сітуацыю, прайшоў усе выпрабаванні, прапоўз усе гэтыя метры па снезе сам, сам загінуў, сам здраджваў, сам выжываў...»

Гэты фільм стаў адным з найбольш тытулаваных за ўсю гісторыю экранізацый беларускіх твораў. Выпушчаны кінастудыяй «‎Масфільм», ён першым сярод савецкіх фільмаў атрымаў найвышэйшую ўзнагароду на Міжнародным кінафестывалі ў Заходнім Берліне (1977), быў уганараваны шэрагам прызоў на Міжнародным кінафестывалі фільмаў пра свабоду і рэвалюцыю (СФРЮ, 1977) і быў ухвалены ажно на Кубе.

Кіно
Беларусь
Заходні Берлін
БССР
XX стагоддзе
Янка Купала
Васіль Быкаў