4 May 1982
Uładzimir Karatkievič
Дзесяць градусаў і дзесяць раніцы. Ані хмурынкі, птушак — птахоцце! І ўсё ж свет нейкі дзіўны, графічна-халодны, з рэзкімі ценямі. А ў гэтым рэзкім святле вераб’і цягаюць пух, а сініцы ўсё яшчэ жэбраюць, хаця я ўжо і кармушку выкінуў. Відаць, камашні малавата. І я не ведаю, што робяць буслы, якія ўжо ж тут. Эге, тут.
Атрымаў ліст з Алжыра.