3 May 1982, Uładzimir Karatkievič | Wir.by

3 May 1982

Uładzimir Karatkievič

Uładzimir Karatkievič

+8. Шэра. Сёння хадзіў здымаць швы. Дзень то ўсміхаецца, то аблокі, ужо зусім летнія, клубастыя (менавіта «клубастыя», не ад рускага, а ад беларускага, г. зн. азадзістыя, круглыя і смачныя). Вельмі прыемна. На ліпах набухлі пупышкі. А ўчора было халоднае пекла: дождж, золь, ветрасек. Аднак знайшоў больш за 40 смарчкоў, яшчэ першых, нясмелых, маленькіх і чорных, як сушаныя грушкі. Ледзь вылезлі, і мала. Знайшоў бы і больш, але вока хворае і ад ветру, драбнасею-дажджу і іншых раскошаў слязіцца. А за кампанію і суседняе.