6 March 1982
Uładzimir Karatkievič
Пачалося з сонца, а пасля дзень нібы спахапіўся, што даў занадта і ўзяў дадзенае назад, затое холаду адбавіў з трох да двух градусаў апоўдні. І яшчэ падаруначак: па крыху нагрэтай учора зямлі сыпануў сівізны. Зямля гусцей, асфальт радзей прыпудраны белым. Учора даў абяцанку, абавязак нават, што да новага года скончу «Каласы» (хітры чорт Дубянецкі, проста малайчына, як гэта ён можа дабіцца свайго). Што ж, не хочацца дужа, а трэба брацца і забіваць іх, ссылаць, здзекавацца.
Гэта шмат работы. Год дванаццаць назад мог і па дзесяць–чатырнаццаць гадзін сядзець за сталом. Не ведаю, ці здолею зараз. Наўрад. А калі паспрабаваць. Апошні рывок, каб хаця і кішкі парваць, але – па ўсім.