29 March 1982, Uładzimir Karatkievič | Wir.by

29 March 1982

Uładzimir Karatkievič

Uładzimir Karatkievič

Раніцай.

Хмарнае неба ў нейкіх разводах сіняватых і плямах, як штучны мармур у некаторых сучасных пабудовах. Нічога брыдчэйшага я яшчэ не бачыў, як такі мармур. Гэта значыць бачыў, вядома, і горшае, але… Учора за людзьмі за акно не было часу зірнуць. І ўсе ідуць, і ва ўсіх справы, і ўсе мяне некуды цягнуць, і ва ўсіх куча пытанняў, якія вырашыць трэба сёння. Ну, а ты пасля адхапі, калі хочаш, для працы кавалак ночы. Пяць градусаў цеплыні, а ісці – ну куды ж, не хочацца. А трэба. А там зноў вычытванні, на гэты раз з машынкі «Маці [ўрагану]». А калі нешта не прахадное, а сапраўднае – чорт яго ведае.

Ну «Маці [Урагану]», вядома, не прахадная. Я, можа, яшчэ і сам толькі прадчуваю, які каменьчык я збіраюся бяздумна кінуць осам у гняздо.