20 March 1942
Ivan Mielež
Цяпер гадзін дзесяць раніцы. Таварышы мае на занятках у полі.
Я застаўся, прывёў у парадак пратаколы бюро, склаў план работы.
Сяджу ў сваім пакойчыку i пішу. А за акном зноў сыпле густы, як снежаньскі, снег, засцілае вуліцы, дахі дамоў.
Даўно я не заглядваў на твае старонкі, мой верны спадарожнік.
Але я не вінаваты, проста часу вольнага мала, па цэлых днях бегаю па ўзводах. Учора правёў партактыў, пазаўчора сход, заўтра трэба правесці бюро. Работы наперадзе непачаты край. Ва ўзводах пачасцелі выпадкі парушэння дысцыпліны, памножылася колькасць адстаючых курсантаў. Некаторыя з таварышаў кепска выконваюць даручэнні.
Трэба ўзяцца мацней за нядбайных, дапамагчы адстаючым. Надзялюеў, палітрук наш, учора мяне ўпікнуў – у цябе добрае сэрца, шкадуеш. Гэта праўда, я шкадаваў. Я лічыў, што нашых хлопцаў, камуністаў, не трэба падганяць у вучобе, што да ix непатрэбны нейкія дысцыплінарныя меры, я вучыў, тлумачыў. Аказваецца, для некаторых маіх таварышаў адных тлумачэнняў мала. Адным словам, трэба падцягваць i сябе i людзей. Калі тут застанецца расхлябанасць, то яна будзе i на фронце, прывядзе да гібелі многіх, давераных людзей. Калі камуніст ставіцца безадказна да абавязкаў сваіх тут, то i на фронце, у цяжкіх абставінах, будзе тое ж, i нават больш. Таму трэба будзе за некаторых курсантаў узяцца i «прабаніць» ix як належыць.
А прыйдзецца нам прайсці праз моцную навальніцу. Падае на дварэ сняжок, з фронту пішуць аб тым, што нічога істотнага не здарылася. Але гэта не цішыня, гэта зацішша, зацішша перад навальніцай! Вось растане снег, зазелянеюць палі – вышэй пойдзе сонца.
Тады грымне бура! Тысячы тысяч узброеных да зубоў людзей счэпяцца ў смяротнай стычцы. I многія тысячы лягуць назаўсёды ў зямлю.
Некаторыя з нас у апошні раз убачаць сонца, можа быць, ужо ў маі.
Ляцяць дні – усё бліжэй навальніца.
Гэта будзе наш апошні i рашаючы.
Пазаўчора мы атрымалі падарункі. Калі дайшла чарга да мяне, Шышкін падарунка не выдаў, выклікаў да сябе. Калі ўсе разышліся, ён выцягнуў пакунак з рускай белай. Падарунак ад сталінградцаў.
Такі падарунак дастаўся толькі мне, многія ўздыхалі аб ім. Утрох – Гныпель, Губанаў i я – у маім пакойчыку мы выпілі за здароўе дарагіх сталінградцаў. У пасылцы былі яблыкі, пячэнне, тытунь, шкарпэткі. Усяму я бясконца ўдзячны. Шкода, адраса не было, падзякаваў бы. Піражкі спякла чыясьці маці. Такія некалі прысылала мне маці, калі я вучыўся ў Хойніках. Можа, пасылаючы ix, яна таксама думала пра сваіх сыноў, якія на фронце.
У выхадны дзень быў у кіно з дзяўчынай. Пасля кіно не праводзіў яе, не спадабалася. Гныпель падстрэльвае за яе сяброўкай, Тарабан – за другой, хоць пры нас смяецца з яе. Звалі мяне да знаёмай па кіно – не пайшоў. Не магу хадзіць, калі не люблю, не магу заляцацца без прыхільнасці. А сэрца, як сухая бяроза, такое чуйнае да агню – паднясі агонь – i загарыцца ў адзін момант. Агню, пагрэцца i памучыцца, хоць бы на хвіліну, пакуль мы ў горадзе! Сэрца тужыць.