21 March 1982
Uładzimir Karatkievič
Сонца ззяе яснае, як сапраўднай вясной. Але вясна хлусіць. Халадок. Тры градусы цеплыні, а між дрэў і на дахах, дзе цень, усё яшчэ ляжыць наздраваты снег-лёд, і ад яго бягуць струменьчыкі. Праўдзівей, цягнуцца, распаўзаюцца вільгаццю па дахах, ціха высыхаючы на сонцы. Калі-небудзь усе мае назіранні будуць вось так, з акна. Трэба мець тупую мужнасць паступова згаджацца з гэтым: не было б горшага.