9 September 1982, Uładzimir Karatkievič | Wir.by

9 September 1982

Uładzimir Karatkievič

Uładzimir Karatkievič

Зараз, у 3 г. дня, — 17°. З раніцы было халаднавата і хмарна, цяпер крыху больш сонца. Толькі што прыйшоў. Да 12 г. хадзіў у мастацкі музей і гаварыў для тэлебачання перадачу пра партрэты для Радзівілаўскай галерэі. Не пра мастацкія якасці і не пра рэстаўрацыю, а пра тое, хто ёсць хто на гэтых партрэтах. Як ажаніўся, як кахаў, якія перажываў страсці, як ваяваў і ненавідзеў, як памёр. З 40 партрэтаў узяў партрэтаў восем, і тое коратка. На большае часу няма. Трэба ваяваць, каб музею аддалі суседні дом (з 12 падрыхтаваных выставак выстаўляецца толькі дзве). Заадно запісалі мяне і ў якасці агітатара за часопіс «Маладосць». Прыпёрся дадому і не ведаю, за якую цяпер работу брацца, з чаго пачаць.

Буду збірацца паступова на поўдзень і парадчыць фота і слайды.

Чатыры дзесяткі партрэтаў людзей, якія былі жывыя трыста — дзвесце — сто год назад і якія дзякуючы вялікаму, боскаму, я бы сказаў, майстэрству мастакоў засталіся жывыя для нас і зараз са сваімі страсцямі, любоўю, нянавісцю, мудрасцю, дурасцю, спакоем — з усім, што ёсць Чалавек.